“Пасля забароны чарніла выпівохі “страляюць” па пяць тысяч”
Еўрарадыё наведалася ў Партызанскі раён сталіцы, дзе ўжо паўтара месяцы, як забаронены продаж пладова-ягадных він.
Не прадаваць “чарніла” крамы будуць да 1 верасня. Пасля чыноўнікі вырашаць, ці працягваць гэты эксперымент.
“На нечым іншым зробім план” – нечакана гавораць Еўрарадыё ў мясцовай краме.
“Тавараабарот мы пачалі рабіць меншы, працэнтаў на 20-30. У той жа час, менш сталі хадзіць людзі, якія неахайна апранутыя. І менш рабаўніцтва ў нас стала, — распавядае супрацоўніца гастранома на вуліцы Кашавога Наталля Фалей. — Бо гэты кантынгент глядзіць, каб хутчэй схапіць, сысці і выпіць. Такі чалавек можа прыхапіць і кавалак сыра, і рыбы. На нечым іншым зробім план, але лепш, каб такі народ да нас на зал не заходзіў…”
Трэба сказаць, што у крамах раёна прадаюцца вінаградныя аналагі. Бутэлькі выглядаюць акурат як тое ж чарніла. Гэта, напрыклад, паўлітрушка “вінаграднага” віна “Прыморскае” ўсяго за 15150 рублёў. Прадаюцца і іншыя напоі такога ж кшталту коштам да 22 тысяч рублёў. А з больш моцных прадуктаў – паўлітровыя настойкі за 25-28 тысяч. Таму да вырашэння праблемы з танным пойлам яшчэ далёка.
Мацаванае віно "Прыморскае" лічыцца вінаградным, але добра
ўстаўляе. Пры гэтым каштуе, амаль як беларускі сок.
“Сапраўды, інжынеры, прафесары і інтэлігенцыя не купляюць гэтыя віны. Гэта купляюць людзі, якія, на жаль, пакутуюць на алкагалізм, -- выказваюць меркаванне Еўрарадыё ў аддзеле ідэалогіі Адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска. – Мы лічым, што гэтыя напоі нам не патрэбныя, хоць і зразумела, што тавараабарот у крамах падае, таму што гэта вялікая доля”.
Каля віна-гарэлачнага аддзела крамы №32, што непадалёк ад прахадной Мінскага трактарнага завода, сустракаю мясцовага кліента Сашу, ён вучыць карэспандэнта Еўрарадыё, куды лепш выпраўляцца ў суседні раён, каб купіць чарніла. Але нават мацёры “настаўнік” прызнаецца, што пладова-ягадныя чарнілы бываюць гідотай.
Саша: “Гледзячы. хто выпускае. Робяць, бывае, такую гідоту. Мазыр там і тыя заводы, што ў вёсках…”
Але забарону прадаваць “чарніла” Саша лічыць лухтой і патрабуе стабільных паставак.
Саша: “Калі забароняць, то зноўку пачнецца самагонаварэнне, уся гэта кухня. Лепш не займацца гэтай лухтой”.
Прадаўшчыца з віна-гарэлачнага аддзела крамы №32 Наталля Ліннік нечакана гаворыць, што выручкі стала больш!
Наталля Ліннік: “Больш стала сыходзіць гарэлкі, бяруць бутэлькі аб’ёмам 200 грамаў. І нават выручкі сталі большыя”.
Праўда, і фінансавыя апетыты выпівох, якія ўвесь час таўкуцца каля крамаў і страляюць грошы, таксама змяніліся.
Наталля Ліннік: “Раней яны прасілі ў людзей даць 100 рублёў, маўляў, не хапае. А ўчора адзін мужчына сказаў: “Во, нахабныя сталі, ужо пяць тысяч просяць”. Яны ж проста страляюць грошы ў людзей, якія стаяць у чэргах. За кошт гэтага і купляюць”.
Па словах Наталлі, рабочыя з трактарнага завода раней таксама не саромеліся браць пладова-ягаднае. Калі ўвялі забарону, то перайшлі на больш высакародныя напоі.
“Яны так адрэагавалі: “Падумаеш, гарэлку піць будзем”. Што “чарнілам” труціцца, што гарэлку піць, ёсць жа розніца. Ужо чорныя ад гэтага “чарніла”. Па твары ў людзей відаць, што цыроз…”
Размаўляючы з жыхарамі Партызанскага раёна Мінска, не выпівохамі, я ні ад каго не пачуў, што ініцыятыва адміністрацыі раёна няправільная. Хоць у поспех пакуль мала хто верыць.