Пацярпелая ад тэракту: Вельмі не хацела прадаваць сваю кроў (Фота)

110922 Rugajn Krutaja.mp3

Дзверы кватэры адчыняе маці Інэсы, яна інвалід і таксама не працуе. Атрымоўвае пенсію 700 з нечым тысяч. У пакоі – новы ложак, куплены за кошт дапамогі з працы. На старым было балюча спаць пасля выбуху, тлумачыць Інэса. На фоне беспарадку у пакоі выдзяляецца ноўтбук "Dell". Да выбуху жанчына працавала кансультантам у "Байфлай".
Еўрарадыё пацікавілася, навошта прадаваць рэчы пасля тэракту?


"У прынцыпе, я іх хацела пакінуць сабе на памяць. Але колькі я магу сядзець на шыі у мамы? Мне трэба таблеткі набываць. Рабіць нешта трэба. Я не ўяўляю, хто можа гэта купіць, але калі купіць, прадам. Калекцыянераў жа шмат, можа камусьці і трэба".

Куртка ў крыві. Менавіта, яна, магчыма, выратавала жыццё.

Інэса знаходзілася непадалёк ад эпіцэнтра выбуху, ёй вельмі пашанцавала. Жанчына заходзіла ў другія дзверы другога вагона. Некалькі асколкаў патрапілі у нагу і рукі, адзін у вобласць сэрца, але не дайшоў, бо першы удар на сябе ўзяла куртка.


"Я лічу, што вопратка таксама шчаслівая. Я сястры, якая мне куртку падаравала, званіла потым, дзякуй казала. Эмацыйна вельмі не хацелася прадаваць сваю кроў. Прадаваць такія рэчы непрыемна. Нават не ўлічваючы, што гэта з тэракта. А з іншага боку, куды мне падзецца? Яны ж мяне паставілі ў такую сітуацыю".


Бацька Інэсы Аляксандр Крутой, на самым пачатку працэсу па тэракце, заявіў што дачцэ не выплацілі ніякай кампенсацыі і не аплацілі бальнічны. Тады па зале панеслася... "І мне таксама", - пракрычала з месца нейкая жанчына.


Сама Інэса не можа абараняць свае правы. Менавіта праз суд яны хацелі дамагчыся нармальнай кампенсацыі, але бацьку адвезлі на псіхалагічную экспертызу, цяпер і ён не зможа прысутнічаць на судзе.


"Бацька мне падтрымку аказваў, дапамагаў. А зараз яны гэта спецыяльна зрабілі, каб больш не было каму. Калі быў хоць нейкі шанец дастаць яго з міліцыі, то з Навінак, я так разумею, яго на псіхэкспертызу накіравалі, то гэта стабільна месяц. Ён амаль увесь суд прапусціць. Я сёння як выжаты лімон і сама свае правы абараніць не змагу".


Інэса Крутая адмовілася ад дзяржаўнай кампенсацыі, якую ёй прапанавалі. За ўвесь час грошы атрымала толькі на працы, кажа жанчына. Жывуць на пенсію маці ў 700 з нечым тысяч.


"Я з выбуху атрымала толькі матдапамогу ад працы. Яшчэ людзі прыносілі, дзяўчаты там скідваліся, дапамагалі".



Ад дапамогі, якую прапанавала дзяржава, жанчына адмовілася таму што суму ў 1 мільён 700 тысяч лічыць здзекам.


"Адмовілася менавіта таму, што калі яе вазьму, то больш права на нейкія прэтэнзіі да дзяржавы мець не буду. Але гэтая дапамога не кампенсуе нічога. Тыя ж таблеткі каб купіць у чэрвені, падлічвалі, трэба 600-700 тысяч, але я ўжо зараз іх не п'ю. Таму што фінансы не дазваляюць. У такой колькасці дапамога абражальная. Як жабраку падалі. Гэта здзек, нас ацанілі, як фарш. Я сказала, што буду ўсё гэта патрабаваць праз суд. Мяне на дадзены момант пазбавілі такой магчымасці, прадстаўляць мае інтарэсы праз бацьку ў судзе".


Адна ўпакоўка “Энцэфабола” 50 таблетак каштуе каля 100 тысяч.


"Прымаць іх трэба па 6 таблетак на дзень, так напісана ў інструкцыі. Урач прапісаў па 2. Пакуль піла па 6, стала лепш, калі стала прымаць па 2, пагоршала. Як прыйшла з бальніцы, купілі таблетак на 200 тысяч. Набывалі кастыль за свае грошы. “Энцэфабола” 2 ці 3 пачкі набывалі. Таму што без яго зусім кепска. Грошай пайшло нямала".


Працаваць Інэса ўжо наўрад ці зможа. Перад выбухам яна ўладкавалася аператарам на Белтэлекам – тлумачыць людзям, як падключыць мадэм, інтэрнэт.


"Праходзіла сумоўе, радавалася, што знайшла працу, бралі не кожнага. Людзі не заўсёды тэлефануюць, размаўляюць карэктна. Гэта і ўвага патрэбная і нервовая сістэма моцная, нагрузка на вочы, бо перад маніторам трэба сядзець, і на вушы".


Падчас выбуху Інэса Крутая атрымала траўму вушэй, некалькі асколкаў патрапілі ў ногі, руку, адзін у вока. У бальнічным лісце напісалі "бытавая траўма".


"Трэба было на заканадаўчым узроўні прыняць, каб у бальнічным лісце не пісалі гэтую ганебную фармулёўку, а пісалі пацярпелы ад тэракта. У людзей потым былі б нармальныя ільготы з часам. Мне казалі ўрачы, што пашанцавала. У мяне у воку кавалак металу 4 міліметры, складзены папалам. Але зараз яны не хочуць мне ставіць нармальны хрусталік, хочуць беларускі, з якім я буду бачыць толькі на адной адлегласці. Але зараз ён мне не патрэбны, я бачу сваім вокам. А калі ён спатрэбіцца праз 10 гадоў? Медыцына стане платнай, і я буду гэта рабіць за свае грошы".


Дарэчы, акрамя бальнічных лістоў з “траўмай у быце”, і “невытворчай траўмай” у Інэсы Крутой на руках больш нічога няма. Па яе словах, карту з бальніцы з усімі вынікамі забралі у КДБ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі