Павел Лёгкі: Першы візіт Пуціна будзе ўсё ж у Беларусь
А не ў Казахстан, як сцвярджаюць некаторыя СМІ.
Першы афіцыйны замежны візіт навабранага прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна будзе менавіта ў Беларусь 31 траўня. Любая інфармацыя, што да гэтага дня ён наведае нейкую іншую краіну, не адпавядае рэчаіснасці. Пра гэта ў гутарцы з Еўрарадыё паведаміў Павел Лёгкі, кіраўнік прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі.
120517 Liogki.mp3
Павел Лёгкі: “25 траўня адзначаецца 20-годдзе падпісання Дамовы [“Аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе”]. Трэба проста ўважліва чытаць тэкст размовы [паміж Пуціным і Назарбаевым]. Можна парэкамендаваць проста мазгі ўключаць — таксама варыянт. Там жа не кажуць, што менавіта 25-га ён павінен туды паехаць [у Казахстан]. Па-другое, РИА "Новости" адназначна ўчора паведаміла, што [Пуцін] першы свой візіт у статусе кіраўніка Расійскай дзяржавы здзейсніць у Беларусь. І гэта пацвердзілі яшчэ некалькі інфармацыйных крыніц, якія не паленаваліся патэлефанаваць у прэс-службу Крамля”.
Нагадаю, 16 траўня Павел Лёгкі паведаміў, што Пуцін з афіцыйным візітам наведае нашу краіну 31 траўня. І што гэта будзе першы замежны візіт навабранага кіраўніка Расіі. Але крыху пазней у шэрагу СМІ з’явілася інфармацыя, што, нібыта, Пуцін прыняў запрашэнне прэзідэнта Кахастана Назарбаева наведаць яго краіну 25 траўня.
Фота — РИА Новости