Першы канцэрт “Петли Пристрастия” ў Гродна прайшоў як... першы канцэрт

Канцэрт “Петли Пристрастия” у Гродзенскім клубе “Флінт” быў падарункам гродзенскім меламанам ад 34mag і Еўрарадыё. Мы шчыра хацелі паказаць гродзенцам клёвы калектыў, які так моцна любяць у Мінску і, нават, у Маскве.

Па ўсіх прагнозах, асабліва па прагнозах сацыяльных сетак, клуб мусіў быць цалкам набіты людзьмі...

“У кантакце там было ого-го! Недзе каля тысячы людзей падпісалася ісці на канцэрт!” – адкаментаваў Еўрарадыё здзіўлены гітарыст “Петлі”, які замест тысячы пабачыў 20 чалавек, якія прыйшлі на першы разагрэўны калектыў Earworm.

Earworm, дарэчы, – гурт, які грае гітарную музыку з віяланчэллю замест вакалу – выступаў у Гродне другі раз у новым складзе – новы басіст і бубнач. Ці то не сыграліся яшчэ, ці то гукач не зразумеў, што рабіць – але гук на канцэрце Earworm быў жудасны. Што, тым не менш, не перашкодзіла адчуць сапраўдны вайб ад крутых віяланчэльных запілаў.

Earworm: Граць было складана, мякка кажучы!

Еўрарадыё: А чаму, вы лічыце, гродзенская публіка не вельмі так прыйшла на канцэрт?

Earworm: Гродзенская публіка зусім не прыйшла! Вось што мы хочам сказаць. А чаму? Канцэрты – рэч містычная, цяжка прадугледзець, прыйдуць людзі, ці не. У Гродна так бывае, асабліва летам”.

Дарэчы, адзін наведвальнік таксама звязаў адсутнасць людзей у “Флінце” з містыкай. З містычнай хуткасцю, з якой нечакана арганізаваўся канцэрт “За Беларусь” на галоўнай плошчы Гродна:

Наведвальнік: “На Савецкай плошчы сёння мусіла нешта адбывацца (Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку – удакл. Еўрарадыё), але невядома адкуль там з’явіўся нейкі канцэрт, і народ, мне здаецца, пайшоў туды”.

Пасля разагрэву гурт Earworm быў заўважна ў дрэнным настроі, а вось “Петля Пристрастия”, якія выйшлі на сцэну праз паўтары гадзіны, здаецца, і не заўважылі, што нешта не так.

Вакаліст Ілля Чарапко-Самахвалаў адразу сказаў, што “галоўнае – якасць, а не колькасць”, і гурт адбабахаў шыкоўны канцэрт. Ужо на першай песні людзі паўскаквалі з-за сталоў і запоўнілі сваімі шалёнымі танцамі ўвесь клуб.

Гук на “Петле” таксама нечакана выправіўся. Гукарэжысёр прызнаўся Еўрарадыё: “Ведаеце чаму зараз гук лепшы? Бо хлопцы сыграныя, вельмі добра граюць, і няма праблемаў з гукам, бо мне падабаецца іх агучваць!”

Публіка гучна крычала музыкам “Яшчэ! Яшчэ!” пасля канцэрту, а ў мікрафон Еўрарадыё – кампліменты “Петле”:

“Ёсць альтэрнатыўныя гурты, якія не ўсе могуць вытрываць з-за вакалу, напрыклад. А тут вельмі прыемныя і вакал, і музыка!

“Шыкоўная каманда! Я ўпершыню на іх канцэрце, і мне вельмі спадабалася”.

“Вельмі добра паслухаць новую музыку. Гурт вельмі разнастайны, у іх ёсць песні з сэнсам, якія можна проста пастаяць паслухаць, а ёсць і тыя, пад якія можна патанцаваць і адарвацца па поўнай”.

Пасля канцэрту ў мікрафон Еўрарадыё сказаў і вакаліст Ілля – падзяліўся ўражаннямі:

Ілля Чарапко-Самахвалаў: Было лепш, чым я думаў. Бо калі была настройка гуку, мне падалося, што будзе ўсё зусім дрэнна. А аказалася, што ў страха вочы вялікія!

Еўрарадыё: А другі раз у Гродна паедзеце? Нам сказалі, што сюды трэба 15 раз прыехаць, каб публіка прыйшла.

Ілля Чарапко-Самахвалаў: І другі, і трэці, і чацверты – лёгка! А наконт 15 раз – гэта сітуацыя, якую можна назіраць шмат у якіх гарадах, і Гродна ў гэтым выпадку – не выключэнне, і ніякага жаху ў гэтым няма.

Дарэчы, неўзабаве чакайце яшчэ падарункаў ад Еўрарадыё і 34mag. Сачыце за афішай і не прапускайце добрых канцэртаў!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі