Пілот самалёта: “Не ведаю Сурапіна, беларускі тэкст нам перакладаў швед”

Еўрарадыё: Ці кантактавалі вы з Антонам Сурапіным ці з нейкімі іншымі беларусамі калі рыхтавалі акцыю?

Томас Мазеці: Ні з ім, ні з кім іншым.


Еўрарадыё: Мішкі на фотаздымках, якія апублікаваў Сурапін — тыя ж, якіх вы скідвалі?

Томас Мазеці: Дакладна. Большасць мядзведзікаў мела беларускі тэкст. Але некаторыя на адваротным баку мелі англійскія надпісы.

Еўрарадыё: Адкуль вы ведаеце беларускую мову?

Томас Мазеці: Мы не ведаем. Нам дапамог перакладчык, шведскі хлопец, які ведае беларускую мову.

Еўрарадыё: Ці ўсе мядзведзі былі аднолькавыя?

Томас Мазеці: Не. Было шмат відаў мядзведзяў. Было каля 800 мішак і ўсе мелі, напрыклад, розныя галовы, крыху адрозніваўся і тэкст на цыдулках.

Нагадаем, дваццацігадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Антон Сурапін размясціў на сваім сайце Belarusian News Photos фотаздымкі плюшавых мядзведзяў, скінутых 4 ліпеня са шведскага самалёта над Івянцом і Мінскам. Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ 13 ліпеня. Ён падазраецца "ў дапамозе незаконнаму перасячэнню мяжы". Сурапін сцвярджае, што здымкі плюшавых медзведзянят яму даслаў па электроннай пошце невядомы чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі