Праз санкцыі ЕС з Літвы і Латвіі знікне беларуская гарэлка
У 2011 годзе спіртзавод “Аквадзіў” прадаў у Еўропу гарэлкі на 2,5 мільёна долараў.
Пад эканамічныя санкцыі ЕС трапляюць два алкагольныя брэнды з Беларусі: гарэлачны завод “Аквадзіў” і ТАА “Ракаўскі бровар”. Мінскі рэстаран, які належыць Юрыю Чыжу, вядомы півам уласнай вытворчасці.
Паходжанне складнікаў піва ў рэстаране не раскрываюць:
“Яно зробленае з замежных інгрэдыентаў. Нічога беларускага няма. Але зваранае ў нас у рэстаране”, — распавядаюць пра сваё піва ў “Ракаўскім бровары”.
Натуральна, пенны напой гатуюць не з расійскага соладу і хмелю. ЕС можа забараніць “Ракаўскаму бровару” набываць у Еўропе прадукты для кухні і інгрэдыенты для вытворчасці піва.
У рэстаране ўжо ведаюць, як абыходзіць санкцыі:
“Ну і што, што возяць з Еўропы? У нас іншыя фірмы працуюць, а мы гэтыя прадукты бярэм тут, у Беларусі. Фірмам-то пастаўку не абмяжоўваюць, — адказваюць Еўрарадыё на кухні “Ракаўскага бровара”. — Мы ўсё роўна працуем праз фірмы, якія для нас вязуць у Беларусь. А мы ўжо ў Беларусі”.
У нашмат больш складаным становішчы апынуўся спіртзавод “Аквадзіў”, падкантрольны Уладзіміру Пефціеву. Больш гарэлкі ў Еўропу не прадае ніводнае беларускае прадпрыемства.
“Кантакты з Еўропай у нас вельмі канкрэтныя. У Еўрапейскі саюз пастаўляем прадукцыю з 2000 года. За 2011 год 63% ад нашага агульнага экспарту пайшло у Еўропу. Гэта недзе 2,5 мільёна долараў. Самі разумееце, што гэта такое”, — скардзіцца на санкцыі на "Аквадзіве".
Як даведалася Еўрарадыё, шмат гарэлкі трапляла ў Літву і Латвію. Зараз “Аквадзіў” “перакідвае” яе на рынкі СНД.
“Хутка пераарыентаваліся і будзем пастаўляць гарэлку ў краіны СНД. Аб’ёмаў не страцім. А вось што датычыцца літоўскіх дыстрыб’ютараў… І гандлёвая сетка Maxima, праз яе асноўны продаж”.
Як даведалася Еўрарадыё, беларускую гарэлку з палічак крамаў Maxima пакуль што не здымалі. Пра санкцыі ў літоўскай краме ведаюць, але на пытанне Еўрарадыё пра гарэлку адказаць не могуць.
“Я вам на гэты момант не скажу нічога, трэба пагутарыць з нашымі бізнэс-людзьмі, якія гэтым займаюцца”, — пазбягае адказу прэс-сакратар Maxima Grupe Гедрыус Ёзапавічус.
Еўрарадыё будзе сачыць за прылаўкамі.
Фота: www.humboldtonline.com.