Рада беларускай інтэлігенцыі хоча аб'яднаць апазіцыю на выбары
Пра гэта заявіў старшыня Рады Уладзімір Колас 6 чэрвеня на сустрэчы з дэмакратычнымі актывістамі ў Гомелі.
Па словах Коласа, сябры рады наведваюць цяпер рэгіёны, яны ужо былі ў Магілёўскай і Гарадзенскай абласцях. Рада хоча пачуць меркаванне мясцовых апазіцыянераў і заклікаць шараговых партыйцаў аказваць ціск на лідараў, каб яны аб'ядналіся.
Колас падкрэсліў, што ўлада кансалідаваная і цвёрдая, а апазіцыя раз'яднаная. Прычым гэтае раз'яднанне — толькі па асабістых прычынах лідараў. На яго думку, аб'яднанне на парламенцкіх выбарах вельмі неабходнае для самой апазіцыі, перадае БелаПАН.
Ён упэўнены, што ў рэгіёнах людзі гатовыя да аб'яднання, працуюць кансалідавана і каардынавана. Праблема, кажа Колас, толькі ў лідарах, якія сабатуюць гэты працэс.