Рэканструкцыя “Дынама”: хто праплаціць 123 млн еўра, дагэтуль не зразумела
Ці будзе кампанія, чый праект перамог на конкурсе, займацца галоўным стадыёнам Беларусі? Пытанне дагэтуль не вырашана.
Найлепшы дызайн-праект рэканструкцыі “Дынама” выбралі. Перамагла кампанія GMP. Але ці пусцяць немцаў рэканструяваць стадыён?
Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама захоўвае маўчанне. Спасылаюцца на хваробу боса — Аляксандра Пятрова.
Цэнтральны офіс кампаніі GMP у Гамбургу таксама не змог паведаміць Еўрарадыё інфармацыю наконт “Дынама”. Адзінае — немцы рэальна спадзяюцца на рэалізацыю праекта і па-ранейшаму падлічваюць кошты.
“Наступны этап — падрыхтоўка праекту архітэктурнага і будаўнічага, — тлумачыць дырэктар стадыёна “Дынама” Юрый Крывадубскі. — І зараз ідзе прапрацоўка гэтага пытання. Трэба вынайсці алгарытм рэалізацыі, як гэта ўсё будзе паэтапна выконвацца. Гэта праект па-сапраўднаму маштабны, які раней ніколі не рэалізоўваўся. Таму могуць узнікаць пэўныя цяжкасці”.
Адміністрацыя стадыёна ўжо даўно спакавала рэчы, каб вызваліць пакоі для будаўнікоў. Перад цэнтральным уваходам прадпрыемства “Мінскпрамбуд” усталявала пашпарт на “Дэмантаж платформы другога яруса заходняй трыбуны”, то бок на знішчэнне “брыля”. Гучны суботнік, калі адтуль здымалі сядзенні, прайшоў 1 снежня (больш за два месяцы таму). З тае пары на стадыёне мала што змянілася. Металічныя парэнчы і каркасы сядзенняў на трыбуне здымаюцца дагэтуль.
Працы на "брылі". Фота зроблена пятага лютага
На пашпарце аб’екта пазначана, што дэмантаж "брыля" мусіць быць завершаны ў сакавіку 2013-года, лічы праз месяц-паўтара.
“У сакавіку там краны паставяць вежавыя, пляцоўка арганізуецца. Усё гэта падрыхтоўчыя мерапрыемствы. А пасля будзе тры месяцы на дэмантажныя работы, — патлумачыў Еўрарадыё Дзмітрый Карась, намеснік дырэктара Будаўнічага ўпраўлення №25, чые рабочыя займаюцца разборам “брыля”.
Нагадаем, што ў канцы кастрычніка 2012 года Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб рэканструкцыю “Дынама” правялі цягам двух гадоў. Мінула больш за два месяцы, і ўжо відавочна, што ўкласціся ў тэрмін, прызначаны прэзідэнтам, наўрад ці атрымаецца.
Таксама дагэтуль нельга канстатаваць, што стадыён пабудуюць згодна з нямецкім праектам. У памяці — свежы прыклад венгерскай кампаніі “Грабаплан”, ад чыіх паслуг беларускі бок адмовіўся, калі, здавалася, пытанне было вырашана, а праект складзены. Тады чакалася, што на рэканструкцыю патрацяць блізу 140 мільёнаў еўра. Праінвеставаць праект выклікаліся венгерскія банкі. Лічыцца, што менавіта з інвестарамі і страхоўшчыкамі не дамовіўся беларускі бок.
Але праект GMP наўрад ці будзе істотна таннейшым. Кошт у разліку на адно пасадачнае сядзенне падчас будаўніцтва сучаснага стадыёна стартуе ад 3000 еўра. Памножым гэту лічбу на 41 тысячу месцаў — прыкладна столькі змесціцца на “Дынама” згодна з праектам GMP. Атрымліваецца 123 мільёны еўра. І гэта мінімальны кошт. Прыкладна з такімі расцэнкамі немцы будавалі арэну ў бразільскім Манаусе (на 43 тысячы месцаў). А дзецішча GMP — стадыён “Алімпійскі” ў Кіеве (на 68 тысяч гледачоў) — абышоўся ў 440 мільёнаў еўра (!). Адкуль возьмуцца грошы на рэканструкцыю “Дынама” і ці дамовіцца з інвестарамі і страхоўшчыкамі беларускі бок?
Пытанне застаецца адкрытым, а рэканструкцыя галоўнай футбольнай арэны Беларусі выглядае ўдалым дэтэктывам — працяг прадказаць складана.