Розніца паміж мармуровым мясам і звычайным ― 13 тысяч рублёў
“Зараз у нас у лядоўнях мармуровага мяса недзе ў межах 20 тон. Але заявак на яго няма”.
“Ці каштавалі вы калі-небудзь мармуровае мяса?” — пытаюся я... у вытворцы гэтага мяса, дырэктара саўгаса “Камарынскі” Рыгора Анопрыенка.
“Два гады таму я трапіў у склад дэлегацыі Гомельскай вобласці, якая выправілася на сельскагаспадарчую выставу ў Францыю. І вось там, у рэстаране “Шарале”, нас частавалі стэйкамі з мармуровай ялавічыны. Розніца была заўважная”, ― адказвае Рыгор Мікалаевіч.
І толькі пасля таго, як я ўдакладняю пытанне, ён раптам прыгадвае, што і яго гаспадарка вырабляе мармуровую ялавічыну. Што праўда, ад звычайнай яна адрозніваецца толькі… пародай бычка:
“Тое, як мы кормім быдла, не залежыць ад таго, гэта спецыялізаваная мясная парода ці звычайная чорна-бурая”, — шчыра прызнаецца Рыгор Анопрыенка. Гаспадарка месціцца ў Брагінскім раёне, зусім недалёка ад забруджанай зоны. Але мяса ўсё адно мармуровае.
“Мы ведаем, колькі мармуровая ялавічына каштуе ў Маскве. Там кошты нямераныя на гэтае мяса. Яны яго закупляюць у Францыі, у ЗША”, — распавядае Еўрарадыё Вячаслаў Каштальян, дырэктар ААТ “Агра-Моталь” з Іванаўскага раёна. Летась прадпрыемства здало ў рэстараны і на мясакамбінат 103 тоны мармуровай ялавічыны.
Сп. Каштальян таксама не супраць гандляваць мармуровай ялавічынай па маскоўскіх коштах. Але ў Беларусі яна каштуе нашмат танней.
Вячаслаў Каштальян: “На мяса на костцы ў Беларусі афіцыйны кошт 46 тысяч 390 рублёў. Гэта мяса мясных пародаў, якое і вы, і мы называем мармуровым. Па гэтым кошце мы і прадаем яго ў брэсцкія рэстараны. А простае мяса каштуе 33 тысячы 959 рублёў”.
Розніца смешная ― менш за 13 тысяч рублёў!
Намесніца дырэктара па камерцыйных пытаннях ААТ “Гомельскі мясакамбінат” Вера Самажэнава неспадзявана прагаворваецца Еўрарадыё, што займацца мармуровым мясам… нерэнтабельна. Што праўда, гэтая акалічнасць крыху здзіўляе і яе саму. Камбінат прадае “мармур” па 38 тысяч 199 рублёў — танней, чым закупляе. Але нават па такім кошце крамы набываць яго не спяшаюцца.
Вера Самажэнава: “Не абмяжоўваем адгрузку мармуровага мяса. Неяк і мінскія рэстараны яго бралі, але ад іх заявак даўно не было. Калі ласка, калі прыходзіць заяўка з гандлю — адпраўляем у гандаль. На сённяшні дзень заяўкі няма. Зараз у нас у лядоўнях мармуровага мяса недзе ў межах 20 тон”.
Дзе тыя расіяне, якія, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ствараюць попыт на мармуровае мяса, на мясакамбінаце не ведаюць. З Гомеля яго ўвогуле не экспартуюць.
На думку Вячаслава Каштальяна, беларусам сапраўды варта было б звяртаць на элітную ялавічыну больш увагі. Але нашыя людзі пакуль што не саспелі.
Вячаслаў Каштальян: “У Францыі больш за 1 мільён “лімузінскіх” каровак. Забяспечаныя людзі — тыя, хто дбаюць пра сваё здароўе — ядуць толькі ялавічыну вышэйшага гатунку. Тыя, хто крыху бяднейшыя, ядуць ялавічыну горшай якасці. Сярэдні клас есць свінню. Пралетарыі і плебс, накшталт Каштальяна, ядуць птушку, самае таннае мяса”.
Пакуль што лепшы мармуровы стэйк для беларусаў — гэта шкварка.