Рымашэўскага, Някляева, Фядуту і Палажанку будуць судзіць разам?
Такое меркаванне выказаў у размове з Еўрарадыё экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі.
Рымашэўскі: "Я ўжо чытаў паказанні Фядуты, Насты Палажанкі (у межах свай справы. — Еўрарадыё). Хутчэй за ўсё, нас аб’яднаюць у адну справу. А яшчэ і з Някляевым. І мы будзем разам на лаве, так бы мовіць, падсудных".
Нагадаю, што Віталю Рымашэўскаму змянілі артыкул абвінавачання, як і Уладзіміру Някляеву, Аляксандру Фядуту і Насце Палажанцы. Зараз іх вінавацяць у "выхадзе на праезную частку, спыненні руху транспарту і перашкодзе працы грамадмкіх прадпрыемстваў". Рымашэўскі прызнае, што фармальныя падставы для абвінавачання яго менавіта па гэтым артыкуле ёсць.
Рымашэўскі: "Па сённяшнім крымінальным кодэксе, нейкія фармальныя падставы для абвінавачвання мяне па гэтым артыкуле, безумоўна, ёсць. Пытанне толькі ў тым, і гэта зразумела, што гэта справа цалкам палітычная".
Па словах Рымашэўскага, абвінавачванне і па гэтым "мяккім" артыкуле можна было б аспрэчваць. Але сэнс ад гэтага наўрад ці будзе, кажа ён.