Рымашэўскі заклікаў "кандыдатаў" паўтарыць прыклад Пятра Барысава

Прэтэндэнт у прэзідэнты пенсіянер Пётр Барысаў далучаецца да Рымашэўскага і будзе разам з ім удзельнічаць у пікетах па зборы подпісаў. Сваю ж кандыдатуру ён здымае.
"Рашэнне маё прынятае. На яго ніхто не ўплываў і не ўплывае", — заявіў Барысаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
"Ад сённяшняга дня людзі, якія працавалі на спадара Пятра, уліваюцца ў маю групу па меры магчымасці. Яны не могуць збіраць подпісы, але будуць агітаваць за мяне. А мы з Пятром Барысавым зараз пойдзем на пікет", — патлумачыў Віталь Рымашэўскі. І прапанаваў іншым кандыдатам таксама паўтарыць прыклад Пятра Барысава.
"Я ўдзячны яму за гэты крок, і мы заклікаем іншых кандыдатаў да супрацоўніцтва. Калі ж яны паўтораць прыклад спадара Пятра, то мы гэта толькі вітаем".
У знак падзякі БХД прапанавала Барысаву ўвайсці ў ценявы ўрад. 
Цікава, што Барысаў адмовіўся казаць, колькі подпісаў паспеў сабраць, і пажадаў пакінуць гэта ў таямніцы. А вось за Рымашэўскага ўжо сабралі чвэрць патрэбнага. Лідзіруе родны горад прэтэндэнта — Бабруйск: там падпісалася каля 4,5 тысяч чалавек.
"На сёння за мяне сабрана больш за 22 тысячы подпісаў, гэта толькі паводле дадзеных за ўчорашні вечар. Я думаю, ужо подпісаў больш за 25 тысяч. Я мяркую, апроч Мінска, больш за ўсё подпісаў за мяне дасць Магілёўшчына".
Згодна са словамі кандыдата, яны замаўляюць новыя стэнды, бо з'яўляюцца новыя пікеты і штодня за Рымашэўскага збіраюць па 4 тысячы подпісаў.
Тым часам у Бабруйску пачалі палохаць зборшчыкаў подпісаў, кажа Павал Севярынец:
"Святлану Абрамнікаву выклікалі да намесніка дырэктара па ідэалогіі шыннага камбіната — Казлова. І Казлоў ёй заявіў, што не працягнуць з ёй кантракт, калі будзе збіраць подпісы за Рымашэўскага. А яна актыўны зборшчык подпісаў".
Такія выпадкі без прамых пагрозаў адбываюцца ў масавым парадку у Бабруйску, Гомелі і Мінску, сцвярджае Севярынец. Паводле яго звестак, ціснуць і на заснавальнікаў БХД: прымушаюць іх адмовіцца ад сваіх подпісаў. А зборшчыкаў, кажа Павал, не пускаюць у студэнцкія інтэрнаты.
"Мае месца масавы нядопуск у студэнцкія інтэрнаты ў Гомелі, Брэсце, Віцебску. У Мінску амаль у палове ўсіх інтэрнатаў нам адмовілі збіраць там подпісы. Сёння ў БНТУ на будаўнічым факультэце, дзе калісьці вучыўся Віталь Рымашэўскі, нашую ініцыятыўную групу не пусцілі. У той жа час праходзяць хлопчыкі з БРСМ і спакойна збіраюць подпісы за Лукашэнку".
Як кажа Рымашэўскі, БХД не збіраецца гуляць у перадвыбарчую кампанію і зараз узмацняе партыю, каб прымусіць уладу сысці.
"Мы рыхтуем плошчу, узмацняем партыю. Мы ведаем, што зменаў можна дасягнуць толькі тады, калі мы будзем мець сілу. Улада проста так не сыдзе. Яе трэба прымусіць гэта зрабіць — і мы будзем гэта рабіць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі