"У Баранавічах вельмі шмат сабак, я нават не ведаю, колькі адстраляў"

130412_savich_sabaki.mp3

“У нас гэтая функцыя называецца адлоў безнаглядных жывёл! Самі мы не страляем людзей, ой, сабак, мы іх адлоўліваем!” — крыўдуе дырэктар Баранавіцкай службы санітарнай ачысткі горада Ігар Пашва.

Званю яму, бо жыхары Баранавічаў і Баранавіцкага раёна скардзяцца, што жывёл адстрэльваюць сярод белага дня.

У Баранавіцкай службе па адлове бяздомных жывёл нават без маёй просьбы тлумачаць, як адбываецца адлоў.

“Такі пісталет, куды запраўляецца шпрыц з лякарствам, што ўсыпляе. Адстрэл адбываецца рана — каб не патрапіць у людзей”.

Але больш заяўку на адстрэл не прымуць: звольніўся паляўнічы. Той самы былы паляўнічы Андрэй адстрэльваў сабак на працягу трох гадоў, звольніўся, бо не задавальнялі графік працы і заробак.

“Тры мільёны плацілі! Я працаваў з восьмай ранку да чацвёртай вечара. Адстрэльваў сабак спецыяльнымі прэпаратамі, дазволенымі, і гэта падпісана прэзідэнтам”.

Андрэй кажа, што людзі ставіліся да яго працы па-рознаму.


“Бывала і па галаве хацелі даць. Выганялі з двароў, а ёсць, хто разумеў. У Баранавічах вельмі шмат сабак, я нават не ведаю, колькі адстраляў. Сабак вельмі многа на горад — я адзін не спраўляўся”.

Кажа, што падчас адстрэлу нічога не адчувае:

“У мяне нервы ў парадку. Моцныя нервы”.

Па словах дырэктара “Спецаўтабазы” Ігара Пашвы, нягледзячы на адстрэлы, жывёл з кожным годам становіцца ўсё больш. І зноў спасылаецца на дазвол мясцовых улад, маўляў не па сваёй волі.

Старшыня баранавіцкай грамадскай арганізацыі “Міласэрнасць” Ірына Александровіч расказвае Еўрарадыё пра свае спробы барацьбы з уладай.

“Мы пакідалі звароты ад нашай арганізацыі ў мэрыю, сабралі болей за 2,5 тысячы подпісаў, але не былі пачутыя. Адказ быў такі — мы адстрэльвалі безнаглядных жывёл і будзем гэта рабіць. Спасылаліся на недахоп фінансавання”, — распавядае Еўрарадыё Ірына.

Калі Ірына зразумела, што допісы і звароты да ўлад не маюць эфектыўнасці, яна разам з маці і неабыякавымі людзьмі стварылі прыватны прытулак на асабістай дачы пад Баранавічамі.

“Цяпер там 70 сабак, падбіраем раз-пораз на вуліцы. Частка ўтрымліваецца ў кватэры, частка на асабістай дачы", — распавядае Ірына. Кажа, што прытулак існуе на добраахвотныя ахвяраванні жыхароў Баранавічаў.

Знаходзяць танную аўсяную кашу, косткі, корм. Але толькі адна вакцына каштуе 50 тысяч рублёў. Рабіць трэба штогод для кожнага сабакі. Па словах Ірыны, сабак становіцца болей штогод з-за беспакаранасці… людзей.

“Няма законаў, няма мараторыя на забарону развядзення сабак. Адсюль і нашы праблемы”. Ірына кажа, што прытулкі можна будаваць на грошы, якія плацяць уладальнікі сабак. Але, да прыкладу, у бюджэце сталіцы грошы, што сплачваюць уладальнікі сабак, ідуць не на стварэнне пляцовак для выгулу сабак, а на іх ўтрыманне і расстрэл.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі