Саннікаў і Бандарэнка не змогуць удзельнічаць у парламенцкіх выбарах
Але затое, верагодна, змогуць вольна выязджаць за мяжу.
Намеснік кіраўніцы Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік не ведае дакладна, ці змогуць памілаваныя экс-палітвязні ўдзельнічаць у выбарах.
“Не магу адразу так адказаць. Гэта трэба глядзець, ці здымае памілаванне судзімасць. Калі не, то, натуральна, памілаваны не зможа ўдзельнічаць у выбарах. Калі здымае, то ён зможа ўзяць удзел у выбарах”
Не ведае пра пагашэнне судзімасці ў памілаваных кіраўніком краіны і прэс-сакратар Лукашэнкі Павел Лёгкі. А вось у Дэпартаменце выканання пакаранняў нам тлумачаць, што памілаванне да пагашэння судзімасці не мае дачынення. Гэта розныя працэдуры. То бок ніякай рэабілітацыі рашэнне кіраўніка краіны, вызваліць палітвязняў з турмы ім не дае.
“Судзімасць здымаецца, альбо гасіцца па тэрмінах, якія прадугледжвае Крымінальны кодэкс. Там у залежнасці ад цяжкасці злачынства і тэрміна адбывання пакарання здымаецца судзімасць. Гэта не залежыць ад памілавання”.
Былы палітвязень Алесь Кіркевіч, які таксама быў памілаваны Лукашэнкам пасля падачы прашэння, расказаў Еўрарадыё аб сваім юрыдычным стане.
“Судзімасць захоўваецца. Зараз я знаходжуся на прафілактычным уліку да 2015 году, да часу, калі заканчваецца мой тэрмін. Да мяне раз на месяц прыходзіць участковы, глядзіць на умовы жыцця, розную лухту пытае. А калі я на нечым зноў траплюся, то мне могуць усталяваць прэвентыўны нагляд”.
Такі нагляд нядаўна рашэннем суда быў усталяваны ў дачыненні да іншага экс-палітвязня – Паўла Вінаградава. Зараз ён павінен быць дома з дзясятай вечара да сёмай раніцы і прасіць дазволу ў міліцыі на выезд за межы Мінска.
Такім чынам у парламенцкіх выбарах ніхто з памілаваных палітвязняў удзельнічаць у якасці кандыдатаў не будзе. А вось за межы краіны з непагашанай судзімасцю ездзіць можна.
“Судзімасць захоўваецца. Зараз я знаходжуся на прафілактычным уліку да 2015 году, да часу, калі заканчваецца мой тэрмін. Да мяне раз на месяц прыходзіць участковы, глядзіць на умовы жыцця, розную лухту пытае. А калі я на нечым зноў траплюся, то мне могуць усталяваць прэвентыўны нагляд”.