Сацыёлагі: Няшчасных беларусаў упершыню больш за шчаслівых

Самыя шчаслівыя ў свеце людзі жывуць у Скандынаўскіх краінах. Паводле дадзеных сусветнага апытання Gallup, лідэрам рэйтынгу шчаслівых краін з'яўляецца Данія. І ўсе краіны першай пяцёркі маюць дастаткова высокі памер кашалька: Фінляндыя, Нарвегія, Швецыя, Нідэрланды. Самая няшчасная з еўрапейцаў – Латвія, яна ажно 110-я.
Рэйтынг Шчасця вылічаюць і беларускія сацыёлагі.

Еўрарадыё пагутарыла пра наша адчуванне шчасця з вядучым сацыёлагам лабараторыі аксіяметрычных даследаванняў “Новак” Надзеяй Яфімавай.


Еўрарадыё: Што сабой уяўляе “рэйтынг шчасця” беларусаў?

Яфімава: На працягу апошніх 10 гадоў кожны снежань задаем пытанні, як людзі ацэньваюць мінулы год і з якімі пачуццямі сустракаюць наступны. Таму мы можам параўноўваць, як вагаліся грамадскія настроі.

Гэты год вылучаецца на фоне іншых гадоў, тым што настрой істотна змяніўся!

Мы задаём чатыры пытанні. “Ацэньваючы ў цэлым усе бакі свайго жыцця, ці можаце вы сказаць, што вы ў сыходзячым годзе былі вельмі шчаслівыя, цалкам шчаслівыя, не вельмі шчаслівыя, вельмі няшчасныя?”. Другое пытанне – “Якім быў для вас асабіста сыходзячы год – паспяховым, не паспяховым?”. Трэцяе пытанне – “Якім быў сыходзячы год для краіны (паспяховым або не)?” І апошняе пытанне – “З якімі пачуццямі вы сустракаеце надыходзячы год?”.

Еўрарадыё: Беларусы сталі больш або менш шчаслівымі за апошні час?

Яфімава: На працягу ўсіх гадоў узровень аптымізму ў грамадстве быў стабільны. Прыкладна 50% адказвалі, што ў той ці іншай ступені былі шчаслівымі. Асабліва высокі ўзровень аптымізму быў у 2010 годзе! Тады 63% сказалі, што былі шчаслівымі, вельмі добра ацанілі гэты год. І тут рэзка ў 2011 годзе ацэнкі падаюць на 20%! Ужо 43% адказалі, што яны адчувалі шчасце... І амаль палова – 49,7% - былі няшчаснымі. Упершыню ўдзельная вага тых, хто адчуваў сябе няшчасным у гэтым годзе перавысіў тых, хто адчуваў сябе шчаслівым.


На працягу ўсяго дзесяцігоддзя аптымізм сярод насельніцтва рос. Нават нягледзячы на тое, што ў 2008-2009 гадах быў крызіс… Усё адно людзі даволі аптымістычна ацэньвалі сваё жыццё, а тут – відавочны абвал.


Еўрарадыё: Ці шмат людзей адчувалі сябе “вельмі няшчаснымі” у 2011 годзе?


Яфімава: “Вельмі няшчаснымі” – амаль 9%. У параўнанні з мінулым годам – гэта ўтрая больш. Колькасць тых, хто адчуваў сябе вельмі няшчасным раней заўсёды трымалася на ўзроўні 3%...


Аналагічная карціна – пры адказе на пытанне “Сыходзячы год быў для вас паспяховым або непаспяховым?”. У 2010 годзе 67,6% ацэньвалі год, як вельмі паспяховы або, хутчэй, паспяховы. А ў 2011 годзе - ўсяго 43,7% такіх. Падзенне на 24%! І наадварот – няўдачнікаў стала больш. Таму 2011 год – відавочна памежны.


Еўрарадыё: Як людзі ацанілі 2011 год для краіны ў цэлым?


Яфімава: Тут самыя ашаламляльныя адзнакі. 33,9% назвалі год вельмі непаспяховым для Беларусі. Папярэднія адзнакі – 2,4%... максімум 7% называлі год вельмі непаспяховым для краіны. А тут больш, чым у 10 разоў узрасло. Яшчэ 44,4% адзначылі, што мінулы год быў, хутчэй, непаспяховым для краіны. Калі ўзяць у суме, то 78,3% рэспандэнтаў назвалі 2011 год непаспяховым для Беларусі ў той ці іншай ступені. Вельмі вялікі працэнт!


Ну і апошняе пытанне – “З якімі пачуццямі вы сустракаеце наступны 2012 год?”. Натуральна, што людзі сустракаюць надыходзячы год са спадзяваннямі на лепшае. Звычайна больш за палову спадзяваліся на лепшае. Але ў 2011 годзе мы зноў бачым, што ўдзельная вага рэспандэнтаў, якія сустракаюць 2012 год са спадзяваннямі – рэзка знізілася (44,2%). Затое рэзка вырасла ўдзельная вага няўпэўненых – такіх амаль траціна. У параўнанні з 2010-м годам амаль у два разы!


То бок, калі браць усё дзесяцігоддзе і параўнаць 2011 год з практычна любым годам, можна сказаць, што гэты год адчуваецца беларусамі як найгоршы.


Цікава, што ў 2010 годзе ідзе пад'ём. Вядома, гэта звязана з тым, што перад выбарамі была штучная накачка прыбыткаў, заробкаў, іншых выплат. Людзі разлічвалі на лепшае. І раптам з пачатку 2011 года рэзка пачалася паніка, павялічылася колькасць тых, хто дрэнна сябе адчувае…


Еўрарадыё: Ці значыць гэта, што шчасце ўсё ж такі ў грошах? Бо, мяркуючы па выніках апытання, адчуванне шчасця беларусаў моцна залежыць ад іх фінансавага становішча…


Яфімава: Так, вельмі моцна ад гэтага залежыць. Калі мы накладзем крывую ацэнкі эканамічнага становішча краіны на “крывую адчування шчасця”, то пабачым, што яны супадаюць.


На працягу года мы задавалі пытанне – “Што вы лічыце нашымі асноўнымі праблемамі?” Людзі называлі рост цэн і падзенне жыццёвага ўзроўню… Усе астатнія праблемы – у разы менш значныя, а гэтыя на працягу года выходзілі на першыя месцы ў рэйтынгу (80-90%).


Тое, што адчуванне шчасця залежыць ад узроўню жыцця, ад эканамічнай устойлівасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні – гэта бясспрэчна.


Еўрарадыё: Існуе “рэйтынг шчасця” па краінах… Самыя шчаслівыя людзі паводле гэтых рэйтынгаў жывуць у скандынаўскіх краінах. Цікава вось што – ёсць даволі прыстойныя ў эканамічным плане краіны, але з нізкім рэйтынгам. Чаму так?


Яфімава: Гэта сапраўды так, таму што з ростам узроўню жыцця, узровень запатрабаванняў таксама ўзрастае. Чалавек становіцца больш разборлівым, больш капрызным. Можа ў Беларусі таксама такое адбылося. Пасля выбараў быў завышаны ўзровень чаканняў, прыбыткі пачалі расці… І раптам гэтыя чаканні не толькі не апраўдваюцца, але мы трапляем у ступар – пачынаецца неверагодны рост цэн!


Еўрарадыё: Ці залежыць адчуванне шчасця ад узросту? Хто больш шчаслівы – маладыя або сталыя беларусы?


Яфімава: Тут абсалютна відавочна, што маладыя людзі 18-24 гадоў, і нават да 35 гадоў, адчуваюць сябе больш шчаслівымі. Чым маладзей, тым больш шчаслівымі адчуваюць сябе людзі. Напрыклад, возьмем узрост 18-24 гады – тут больш за палову – шчаслівыя і вельмі шчаслівыя. Людзі сярэдняга і больш старэйшага ўзросту – пасля 55 гадоў – яўна ўзровень шчасця зніжаецца. Ім таксама трывожна.


Жанчыны – больш аптымістычныя, чым мужчыны – 50% жанчын сустракаюць Новы год са спадзяваннямі, у той час, як мужчыны – усяго 37%. Мужчыны больш адчуваюць няпэўнасць і турботы.


Еўрарадыё: Беларусы – няшчасныя?


Яфімава: Ну, так казаць, можа, не трэба, але беларусы – гэта нацыя для якой гэты год быў няўдачны. І асабіста, і для краіны ў цэлым ён быў няўдачным. Не буду казаць, што гэта ўвогуле няшчасная нацыя, але ў гэтым годзе было не салодка – гэта дакладна.

Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі