Шэраг арыгінальных экскурсій пройдзе ў Гродне
1-2 траўня адмыслова да Фэста экскурсаводаў гродзенскія краязнаўцы правядуць некалькі вандровак па горадзе.
Пра гэта Еўрарадыё расказала гісторык Таццяна Казак. Экскурсія “Кіна-тэатральны Гродна” пачнецца каля драматычнага тэатра і пройдзе па мясцінах, звязаных з гэтымі відамі мастацтва. Вандроўка “Гарадзенскі трохкутнік” пабудавана на ўспамінах трох вядомых пісьменнікаў — Васіля Быкава, Анатоля Карпюка і Барыса Клейна. “Яны жылі ў Гродне ў 60-70-ыя гг. і стварылі своеасаблівую субкультуру вольнадумнай інтэлігенцыі”, — распавяла Таццяна Казак.
Таксама мясцовыя аматары гісторыі пакажуць старажытныя праваслаўныя і каталіцкія могілкі. Экскурсіі бясплатныя, да іх можа далучыцца любы ахвочы.
Фэст экскурсаводаў два гады таму прыдумалі некалькі грамадскіх аб’яднанняў: Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах, Беларускі фонд культуры, “Гісторыка”, “Этна”, Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясцін, што адзначаецца 18 красавіка ва ўсім свеце.