Штэфан Фюле: Еўрасаюз не стаміўся ад "беларускага пытання"
18 ліпеня еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле сустрэўся з беларускімі журналістамі.
Па яго словах, якія перадае БелаПАН, ЕС сочыць за падзеямі ў Беларусі з вялікім расчараваннем. З нагоды новага абвінавачання палітвязню Змітру Дашкевічу еўрачыноўнік заявіў, што ЕС ясна казаў пра вызваленне палітвязняў як адну з асноўных умоваў для супрацы з афіцыйным Мінскам. Ён нагадаў, што міністры замежных справаў ЕС гатовыя щвесці дадатковыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, калі працягнуцца рэпрэсіі.
Разам з тым, Фюле падкрэсліў, што ЕС па-ранейшаму зацікаўлены ў Беларусі і яе народзе. Па яго словах, у Еўрасаюзе няма стомленасці ад беларускага пытання, але ёсць стомленасць ад таго, што, нягледзячы на ўсе высілкі, развіццё Беларусі ідзе не ў дэмакратычным напрамку.
Еўракамісар паведаміў, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года назіраліся пазітыўныя зрухі ў адносінах паміж ЕС і Беларуссю. Тады ж быў прапанаваны сумесны прамежкавы план, які акрэсліваў пэўныя крокі Беларусі ў рамках руху да дэмакратыі і вызначаў, як Еўрасаюз будзе суправаджаць яе на гэтым шляху. Аднак гэты план быў замарожаны пасля 19 снежня 2010 года. Фюле падкрэсліў, што патэнцыял і самыя цікавыя прапановы з гэтага дакумента выкарыстоўваліся пры падрыхтоўцы "Дыялогу пра мадэрнізацыю з Беларуссю".
Фюле выказаў шкадаванне, што ў апошні час беларускія ўлады ўсё часцей заяўляюць, быццам не будуць удзельнічаць у праектах ЕС, у распрацоўцы якіх не бралі ўдзел.