Следчы, які выклікае Міхалка, кажа, што любіць песні "Ляпісаў"
Еўрарадыё датэлефанавалася да следчага пракуратуры Цэнтральнага раёна Мінска Аляксандра Бачылы, да якога выклікалі Сяргея Міхалка (+фота павесткі).
Следчы не пажадаў, каб размова была запісаная, і паведаміў, што не мае права распаўсюджваць інфармацыю.
Але некалькі разоў паўтарыў, што гаворкі пра крымінальную справу не ідзе — цяпер вядзецца “звычайнае разбіральніцтва паводле закона РБ”.Што такога зрабіў Міхалок, каб у адносінах да яго вялося разбіральніцтва, следчы дакладна не адказаў: маўляў, “напэўна, самі разумееце чаму”. Напрыканцы размовы Бачыла дадаў, што ён і сам любіць песні "Ляписа Трубецкого", але па абавязках следчага яму проста неабходна паразмаўляць з Міхалком.
Нагадаем, што на хатні адрас Сяргея Міхалка ў Мінску прыйшла позва ў пракуратуру Цэнтральнага раёна. У ёй не згадваецца прычына выкліку. Позвуу прыняла маці музыкі, якая ў гэты момант была дома. Сяргей мусіў з'явіцца да следчага 13 кастрычніка а 10-й гадзіне раніцы, але зараз лідар "ляпісаў" знаходзіцца на гастролях у Расіі.
Апошнім часам Міхалок даў некалькі гучных інтэрв'ю, у якіх жорстка крытыкаваў уладу. Паводле звестак "Беларускага партызана", менавіта гэта і стала прычына выкліку ў пракуратуру.
Фота: intex-press.by, facebook.com/lyapis