Смалявічцы збіраюць грошы на штрафы землякам

Пра гэта распавёў слухач Еўрарадыё Міхаіл Хвядчэня.

Еўрарадыё: Як смалявічцы збіраюць сродкі для асуджаных за маўклівую акцыю 3 ліпеня?

 

Хвядчэня: “5 чалавек атрымалі па 700 тысяч штрафу. Шосты чалавек, якога судзілі, пагадзіўся з тым, што яго павінен прадстаўляць адвакат і паседжанне перанеслі на тры дні. Так што гэта яшчэ не канец”.

Еўрарадыё: Сапраўды, ва Ўладзіміра Чайчыца суд будзе 7 ліпеня

 

Хвядчэня: “Збор сродкаў пачаў чалавек, якога ўласна асудзілі, Ягор Драгун, ён сёння адкрыў рахунак, і гэты рахунак разыходзіцца у гарадскіх парталах, па сацыяльных сетках, унутры горада, і людзі, якія хочуць дапамагчы, яны могуць гэты рахунак знайсці і пералічыць грошы. А мы ўсе разам збіраемся ці то ў сераду, ці то ў суботу і, хто чым можа, дапаможам гэтым людзям. Думаю ўжо не на цэнтральнай плошчы гэта будзе адбывацца, а дзесьці ў іншым месцы збярэмся і са сваіх асабістых зберажэнняў, у каго колькі засталося з нашым беларускім крызісам, дапаможам хлопцам”.

Еўрарадыё: у сацсетках праходзіла інфармацыя, што ўсю суму – а гэта каля трох мільёнаў рублёў – трэба сабраць да 10 ліпеня. Ці паспееце вы сабраць грошы?

 

Хвядчэня: “Сума вялікая, мы чым можам дапаможам, але сітуацыя такая, што і самім есці хочацца, і людзям трэба дапамагчы. Я, напэўна, тысяч сто беларускіх дам, няхай хоць невялікая - гэтая матэрыяльная дапамога”.

Еўрарадыё: Ці збіраюцца яны абскарджваць прысуд?

 

Хвядчэня: “Я магу сказаць што збіраюцца, але, на жаль, не ўсе. Проста запалохваюць людзей і яны, як кажуць, талерантныя, баяцца проста лезці туды, згубіць працу, бо горад маленькі, гэта ўсё кантралюецца вельмі добра. Але некаторыя скаргі будуць пісаць”.

Еўрарадыё: Распавядзіце пра гэтых людзей.

 

Хвядчэня: “ Гэта людзі маладыя, ад 19 да 23 год, некаторыя вучацца, некаторыя працуюць.У нас у Смалявічах акцыі праходзяць даволі актыўна. Другая акцыя была самая шматлюдная – каля 40 чалавек сабралася, але пасля гэтай акцыі перад наступнай людзей проста сабралі, тых хто вучыцца ці працуе ў Смалявічах, “на дыван” выклікалі і сказалі: маўляў, калі вас яшчэ раз убачаць, то вы тут больш вучыцца ці працаваць не будзеце. Таму не ўсе хочуць прыходзіць, ня ўсе хочуць пісаць скаргі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі