Студэнтам напалову абрэжуць філасофію і паліталогію?
А выкладчыкі на кафедрах хвалююцца, што пасля пераходу на 4-годку іх пазвальняюць.
“Пра гэта пакуль рана казаць. Хоць хутка і верасень. Але праца па пераходзе на 4 гады навучання вядзецца”, - кажуць у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Да новага навучальнага году чатыры месяцы! Ці паспеюць дапісаць праграмы?
Напрыклад, у студэнтаў Універсітэта культуры будзе ўдвая менш лекцый па філасофіі, паліталогіі і эканамічнай тэорыі.
“Скароціцца блок сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Гэта філасофія, паліталогія, эканамічная тэорыя. Беларуская і замежныя мовы не скароцяцца, іх перанясуць у іншы блок. Блок сацыяльна-гуманітарных дысцыплін па старым стандартам быў 670 аўдыторных гадзін. А зараз будзе 340. І такая ж колькасць на самастойную працу”, - тлумачыць Еўрарадыё кандыдат навук з Універсітэта культуры Раіса Ровіна.
Чамусьці БелТА са спасылкай на міністра адукацыі Сяргея Маскевіча напрыканцы сакавіка абяцае: 1 верасня па новых правілах па 4 гады будуць вучыцца ў “большасці” ВНУ. Але ў міністэрстве Еўрарадыё кажуць толькі пра два ВНУ: Універсітэт культуры і мастацтваў і Акадэмія кіравання пры прэзідэнце.
Настаўнікаў хвалююць магчымыя звальненні, пакуль іх супакойваюць.
“Можа, нехта з выкладчыкаў і застанецца без працы. Гэта залежыць ад таго, як ВНУ гэтую сістэму паставіць. Можна зрабіць так, што нічога не скароціцца”, - кажуць у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы.
Але на кафедрах турбуюцца: калі гадзінаў менш – і працы менш…
“Ёсць выкладчыкі, якія ў штаце працуюць, а ёсць, якія на сумяшчэнні. Ёсць проста, якія па гадзінах чытаюць, свае 240 і ўсё. Вось іх скароцяць найперш, а штатныя застануцца”, - тлумачаць на кафедры паліталогіі БНТУ.
“Кажуць, што з 1 верасня мы ўжо вучымся па новых гадзінах. Іх скароцяць удвая, - пераймаецца выкладчык філасофіі Аляксандр. - Калі я сустракаўся са студэнтамі раз на тыдзень, то цяпер буду раз на два тыдні. І гэта і лекцыя, і семінар”.
Цяпер старэйшы выкладчык у ВНУ зарабляе ў сярэднім 2 мільёны. І гэтая сума залежыць ад колькасці аўдыторных гадзін, кажа выкладчык філасофіі Аляксандр.
Фота: flickr.com