Суд над журналістам Андрэем Пачобутам будзе закрытым
Пра гэта Еўрарадыё расказала яго жонка Аксана. У аўторак яна мела спатканне з Андрэем у гродзенскім следчым ізалятары.
“Абласная пракуратура падала адпаведнае хадайніцтва ў суд. Суд, канешне ж, гэта хадайніцтва задаволіў — працэс будзе закрытым”, — сказала Аксана.
Паводле словаў Аксаны, Андрэй атрымаў паперу ад пракуратуры з паведамленнем пра гэта яшчэ ў мінулую пятніцу.
Андрэй перадае прывітанні ўсім сваім калегам і запрашае прыйсці да будынка суда. Прыйсці ж у зал суда можна будзе толькі на абвяшчэнне прысуду, сказала Аксана Пачобут.
Нагадаем, суд над журналістам "Газеты выборчай", які абвінавачваецца ў "абразе" кіраўніка дзяржавы, прызначаны на 14 чэрвеня. Ён пачнецца а 10-й гадзіне ў судзе Ленінскага раёна Гродна.
***
Аксана Пачобут: Старэйшая дачка заплакала, калі выходзілі са спаткання
Еўрарадыё: Якім чынам вам стала вядома пра тое, што суд будзе закрытым?
Аксана Пачобут: “Сёння я пайшла сустрэцца з мужам, мне гэта вядома з яго слоў. Літаральна сёння я даведалася, што працэс будзе закрытым”.
Еўрарадыё: Ці будзеце нешта прадпрымаць?
А. Пачобут: “Гэта будзе рабіць Андрэй. Бо ён папрасіў, каб да яго зайшоў адвакат, каб я яму перадала. Ён, канешне, будзе пісаць скаргу”.
Еўрарадыё: Ці ёсць звесткі, чаму было прынята такое рашэнне аб закрытым пасяджэнні?
А. Пачобут: “Хадайніцтва падала абласная пракуратура, каб працэс быў закрыты. Прыйсці можна будзе толькі на абвяшчэнне выніку. Гэта тое, што мне вядома ад мужа”.
Еўрарадыё: Можа і само судовае пасяджэнне перанясуць?
А. Пачобут: “Пакуль усё так і застаецца — 14 чэрвеня а 10-й гадзіне адбудзецца працэс, а вынікі абвесцяць невядома калі. Аб гэтым мяне павінен паінфармаваць адвакат”.
Еўрарадыё: Што яшчэ казаў сёння Андрэй падчас сустрэчы?
А. Пачобут: “Па-ранейшаму тры чалавекі ў камеры, казаў, што ўчора ўвесь дзень увогуле не было ніякай вады, ксяндза па-ранейшаму да яго не запрасілі. Я сёння хадзіла са старэйшай дачкой, бо яна просіцца заўсёды, каб я ўзяла яе з сабой. Мінулы раз я яе не ўзяла, пашкадавала. Ёй так неяк сумна, яна нават трохі заплакала, калі выходзілі са спаткання”.
Фота: bymedia.by