Сваякі палітвязняў і правабаронцы правялі прэс-канферэнцыю ў Варшаве

"Беларусь на парозе краху. Апазіцыя ў турмах, гаспадарка ў руінах" - піша ў рэлізе інфармацыйнае Бюро "Салідарнасць з дэмакратыяй у Беларусі". Гэтая арганізацыя зладзіла ў Еўропе шэраг прэс-канферэнцый з удзелам сваякоў палітвязняў і правабаронцаў. 30 траўня Еўрарадыё пабывала на прэс-канферэнцыі ў Варшаве. На нашы пытанні адказала праваабаронца Алена Танкачова, якая ўнесла ці не найбольшы унёсак у манітараванне рэпрэсій пасля 19 снежня 2010 г. 


Еўрарадыё: Гэтая канферэнцыя з’яўляецца вынікам вашай праваабарончай працы і намаганняў сваякоў, і бюро дапамогі Беларусі па зборы той інфармацыі пра ўвесь працэс рэпрэсій, якія адбываюцца з 19 снежня. Гэта так?


Танкачова: “Так. Цягам трох месяцаў, пачынаючы з 17 лютага да канца мінулага тыдня ў Мінску шлі судовыя працэсы па крымінальнай справе 19 снежня. На сённяшні дзень мы ўжо можам казаць пра нейкія экспертныя ацэнкі зробленыя па выніку поўнага маніторынгу судовых працэсаў”.


Еўрарадыё: Ці можна прыблізна пералічыць гэтыя экспертныя ацэнкі?


Танкачова: “І міжнародныя эксперты і беларускія праваабаронцы сыходзяца ў тым, што працэсы, якія прайшлі па падзеях 19 снежня, не далі дастатковай аргументацыі таго, што ў Мінску 19 адбыліся масавыя беспарадкі. І гэта асноўнае прававое пытанне, якое трэба доўжыць і пакідаць яго ў рэжыме юрыдычнага, праваабарончага і палітычнага парадку дня. Таксама праваабаронцы прыйшлі да высновы, што ўсе 43 асобы, якія былі асуджаныя, з’яўляюцца палітычнымі зняволеннымі. Усе 43 чалавекі павінны быць вызваленыя, пакаранні ў дачыненні да іх павінны быць перагледжаныя і дадзеная іншая прававая ацэнка. Далей, тыя доказы, якія выкарыстоўваліся ў судзе, гэта ў шэрагу выпадкаў праслухоўванне тэлефонных размоваў экс-кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама сяброў іх каманд, па меркаванні праваабаронцаў, гэтыя доказы не павінны былі выкарыстоўвацца ў судзе. Відэа, якое выкарыстоўвалася ў якасці доказу, выклікае сур’ёзную занепакоенасць і вялікую колькасць пытанняў з пункту гледжання таго, наколькі яны адпавядалі патрабаванням суда. Таксама паказанні прадстаўнікоў праваахоўных органаў у шэрагу выпадкаў выклікаюць сумнеў, бо часта гэтыя паказанні не агучваліся суддзямі з рапартаў, якія былі напісаныя 19-20 снежня. Людзі не маглі ўзгадаць абставінаў або не ўказвалі на тых, хто знаходзіўся на лаве падсудных, аднак суд выкарыстоўваў гэтыя паказанні для пацвярджэння віны і  прыгавораў да крымінальных трэмінаў. Быў шэраг заяваў, што ў КДБ да падазроных ужывалася пісхалагічнае, а часам і фізічнае ўздзеянне, што павінна стаць абавязковай прычынай для праверкі пракуратурай і для рэагавання з боку міжнародных арганізацыяў, бо такія дзеянні патрабуюць публічнага абмеркаванні і справаздачы”.

 
Еўрарадыё: Якія вашыя далейшыя мэты?


Танкачова: “Нашая прэс-канферэнцыя скіраваная на данясенне інфармацыі да грамадскасці, таксама гэта спроба прапанаваць міжнародным арганізацыям, міжнародным інстытутам набор мер і дзеянняў, якія з’яўляюцца на сёння момант адэкватнымі для размовы з прадстаўнікамі беларускай улады”.

Фота: euroradio.fm

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі