Сёння праводзіцца акцыя "Станем за журналістыку!"
Яна ладзіцца ва ўсім свеце ўжо пяты год запар з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.
На працягу цэлага тыдня журналісты свету арганізуюць акцыі пратэсту, сяброўскія сустрэчы, прэзентацыі, семінары, якія маюць прыцягнуць увагу грамадскасці да сваіх найбольш надзённых праблем.
Беларуская асацыяцыя журналістаў далучалася да акцыі на працягу ўсіх гадоў яе існавання. Сённяшняя сітуацыя, на думку арганізацыі, вымагае супольных дзеянняў па двух асноўных накірунках: абарона нашага калегі Андрэя Пачобута, які знаходзіцца пад крымінальным пераследам, і ўратаванне часопіса “Arche-Пачатак”, якому пагражае закрыццё.
У сваім звароце БАЖ адзначае: "Мы заклікаем усіх сваіх калег далучацца да акцыі, якая не абмяжоўваецца адным днём ці тыднем. Публікуйце матэрыялы, адпраўляйце лісты ў абарону сваіх калег, збірайцеся і абмяркоўвайце, як пастаяць за свае правы. Станем за журналістыку разам!"