ТОП-25 цікавых фактаў з беларускіх тэлеграмаў Wikileaks (Частка 1)

Слухаць: 110907 Eurafokus.mp3

Амерыканцы былі гатовыя спаліць сакрэтную інфармацыю за 2 гадзіны

Калі падчас дыпламатычнага скандалу ў 2008 годзе навісла пагроза, што Беларусь увогуле закрые амбасаду, дыпламаты ЗША рыхтаваліся да ўсяго. Вось што яны дакладаюць у Дзярждэпартамент:

"...Мы скарысталіся ўсім адведзеным часам з 12 сакавіка, каб падрыхтавацца да любых акалічнасцяў... Мы зменшылі аб'ём нашай сакрэтнай інфармацыі і тэхнікі да “крытычнага” узроўню (2 гадзіны палення)".

У гэтай самай дэпешы дыпламаты ўзгадваюць іншы цікавы факт: амерыканская амбасада ў Беларусі — адна з чатырох у свеце, якую Дзяржаўнае бюро дыпламатычнай бяспекі з-за вялікіх разведвальных пагрозаў адносіць да катэгорыі "крытычна". Дыпламаты пішуць пра актыўнае сачэнне за некаторымі супрацоўнікамі амбасады і "шквал" запытаў беларускага КДБ сустрэцца з мясцовым штатам амбасады ЗША.

У 2008 годзе беларускі МЗС даслаў амбасадзе не адну дыпламатычную ноту, а цэлыя тры.

Аказваецца, што падчас дыпламатычнага канфлікту 2008 года, апрача дыпламатычнай ноты з патрабаваннем зменшыць колькасць супрацоўнікаў, былі яшчэ дзве дадатковыя.

Адна з іх тычылася "працэдурных патрабаванняў да амерыканскіх дыпламатаў запытваць дзяржаўныя органы наконт сустрэч і інфармаваць МЗС пра паездкі за межы Мінска". Маўляў, паводле беларускіх правілаў, сустрэчы мусяць запытвацца загадзя за 10 дзён, а ў МЗС прадстаўляцца дэталёвая інфармацыя пра паездкі далей за 40 км ад цэнтра Мінска.

Трэцяя нота тычылася зместу інтэрв’ю амбасадара Сцюарт Еўрарадыё. Нібыта ў ім амерыканская кіраўніца дыпмісіі дапусціла знявагу кіраўніка краіны.

Як Беларусь “нагрэла” Латвію на грошы па ўказцы Кітая

Некалькі дыпламатычных тэлеграм тычацца блізкіх адносін Беларусі з Кітаем.  Адна з іх пераказвае наступную гісторыю:

"Латвійскі амбасадар у Мінску паведаміў нам, што пасля візіту латвійскага міністра на Тайвань Кітай "даў указанні" Беларусі на адзін дзень перанакіраваць паток сваіх тавараў не праз латвійскія, а эстонскія парты, і гэта каштавала латвійскаму парту некалькіх мільёнаў долараў".

"Бяспека ў Соснах найгоршая з усіх, што бачылі"

У межах сумеснага праекту амерыканскія спецыялісты наведвалі Інстытут ядзерных даследаванняў у Соснах. У дэпешы 2007 года, што называецца "Сосны: узровень даверу і супрацоўніцтва высокі, бяспека нізкая", гаворыцца:

"Неахайная бяспека ў Соснах, вядома, не навіна... Бяспека ў Соснах найгоршая з усіх месцаў, якія яны [амерыканскія спецыялісты - заўвага Еўрарадыё] наведвалі ў любой з былых савецкіх краін, і нагадвае сітуацыю, што існавала на расійскіх аб'ектах 10 гадоў таму".

Так, амерыканскія спецыялісты і прадстаўнік амбасады былі дапушчаныя ў Будынак 40, каб паглядзець падкрытычны стэнд "Яліна" і басейн з адпрацаваным палівам, адзначае дэпеша.

"У 2008 годзе Беларусь рыхтавалася выслаць польскага амбасадара"

 "Пазбаўленне ад замежных дыпламатаў здаецца новай любімай гульнёй беларускага урада", — гаворыцца ў адной з тэлеграмаў, датаванай сакавіком 2008 года.

У ёй паведамляецца, што, паводле інфармацыі літоўскага амбасадара Эдмінаса Багдонаса, "рэжым рыхтуецца выслаць польскага амбасадара з-за ўвядзення "карты паляка".

Амерыканская амбасада пра праблемы беларускага сяла

Частка дэпешаў апавядае цікавыя чалавечыя гісторыі. Супрацоўнікі амбасады часам наведвалі беларускія малыя гарады і сельскую мясцовасць, яскрава апісваючы вынікі сустрэч.

Так, у 2005 годзе амерыканскі дыпламат наведаў "прыватызаваны" калгас пад Дзяржынскам. Ён піша, што з часу папярэдняга прыезду на год раней мала што змянілася. "Фінансавыя страты, алкагалізм, крадзеж, лянота, умяшальніцтва ўрада" пералічваюцца сярод праблем беларускага сяла.

Дыпламат піша, як мясцовы бізнесовец выкупіў калгас, уклаў у яго развіццё 700 тысяч долараў і згубіў свае грошы. "Ён працягвае плаціць працоўным, якія сядзяць на лузе і даглядаюць кароў. Заўвага: гэтыя людзі звычайна спяць ці п'юць на працы", — піша дыпламат. Ён працягвае пра ляноту вяскоўцаў: "Адзін працоўны, які збіраў сена з поля ў гумно, пабачыў на гарызонце дождж. Замест таго, каб дабраць рэшту сена да таго як яно прамокне, ён завёў трактар і паехаў дахаты".

У бізнесоўца, які за час кіравання калгасам звольніў толькі 7 чалавек і плаціць за праграмы рэабілітацыі ад алкагалізма некалькім вяскоўцам, пастаянныя праблемы з Камітэтам дзяржкантролю, працягвае дэпеша: "Ён не змог злавіць людзей, якія кралі яго паліва, а яны здолелі скрасці столькі, што КДК гэта заўважыў і прыцягнуў Луконіна да суду адказаць за крадзеж". Справа ў тым, што ўрад выдзяляе вялікія субсідыі на паліва для фермерскіх гаспадарак і сочыць за скарыстанымі аб'ёмамі, удакладняе дэпеша.


"Спецслужбы запужвалі амерыканскіх дыпламатаў, якія пакідалі Беларусь"

7 красавіка 2008 года, калі актыўна разгараўся дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і ЗША, кіраўнік дыпмісіі Джонатан Мур сустрэўся з кіраўніком упраўлення Амерыкі беларускага МЗС Вячаславам Лазярко, апісвае адна з тэлеграм.

Амерыканскі дыпламат "выказаў пратэст з нагоды запужванняў, якому падвергліся ад дзяржаўных СМІ і КДБ у Мінскім міжнародным аэрапорце супрацоўнікі амбасады, што ад'язджалі". Джонатан Мур таксама адзначыў, што падобнага ўмяшальніцтва ў прыватнасць беларускіх дыпламатаў, што ад'язджаюць з ЗША, не будзе, паведамляецца ў тэлеграме.

"Лічбы гандлю з Нідэрландамі і Брытаніяй занадта завышаныя"

У тэлеграме, дасланай з Мінска ў лютым 2006 года
, амерыканская амбасада разбіраецца, якім чынам Нідэрланды, згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, сталі другім гандлёвым партнёрам пасля Расіі.

Эканамічны дарадца нідэрландскай амбасады кажа амерыканскім калегам, што звесткі пра двухбаковы гандаль Беларусі і Нідэрландаў (1,7 млрд долараў за студзень-верасень 2005 года) — завышаныя. Каля 90% гэтай сумы — экспарт транзітнай нафты праз порт Ратэрдама, нягледзячы  на тое, у якую краіну нафта ідзе. Асноўныя ж пазіцыі рэальнага экспарта з Беларусі — саджанцы, клубніцы і тэкстыль.

Падобны статыстычны казус адбыўся і з Брытаніяй, паведамляюць амерыканскія дыпламаты. Беларускія міністэрствы падаюць лічбу ў 10 разоў большую, чым брытанская амбасада. Супрацоўнік апошняй тлумачыць, што беларусы ў гандаль з Вялікабрытаніяй залічваюць нафту, што прадаецца на лонданскай біржы любой краіне, хоць сама нафта "ніколі не кранае брытанскага берага".

Дыпламат у тэлеграме прыходзіць да высновы, што "з-за залежнасці беларускай эканомікі ад замежных рынкаў Лукашэнка не можа цалкам ізаляваць краіну і народ, нягледзячы на ўсе яго намаганні".

Праблема дастаць пашпартныя дадзеныя чыноўнікаў з "чорнага спісу"

Адна з тэлеграмаў сведчыць пра праблемнасць збірання звестак аб чыноўніках, які заносяцца ЕС у "чорны спіс".

Так, латвійскі дыпламат Юрыс Пойканс паведаміў амерыканцам у красавіку 2006 года, што ЕС не мае інфармацыі пра даты нараджэння і месцы нараджэння 12 чыноўнікаў з 31, уключаных ў "чорны спіс". Беларускія няўрадавыя арганізацыі і апазіцыйныя палітыкі дапамагчы Пойкансу з гэтым таксама не змаглі. Болей за тое, Пойканс адзначыў, што першапачатковы спіс змяшчаў дзве памылкі, і пажаліўся на "цяжкасць у атрыманні інфармацыі ў Беларусі", перадае амерыканская амбасада.

У той самай дэпешы амерыканскі амбасадар Крол піша, што некаторыя прадстаўнікі ўрада і апазіцыянеры памылкова лічаць “чорны спіс” неэфектыўным. Маўляў, чыноўнікі з яго не вандруюць у Еўропу. Амбасадар у якасці контраргумента заўважае, што ў першы ж тыдзень дзеяння спісу некалькі беларускіх чыноўнікаў спрабавалі атрымаць шэнгенскую візу, у якой ім адмовілі. Паведамляецца пра Наталлю Пяткевіч (якая хацела ехаць у Чэхію), Мікалая Чаргінца (звяртаўся па бельгійскую візу), Юрыя Азаронка (іспанская віза). А Генадзю Нявыгласу і Уладзіміру Канаплёву нямецкае пасольства адклікала папярэдне выдадзеныя візы, сцвярджаецца ў дэпешы.

"Цяпер некаторыя высокія чыноўнікі на сабе даведаліся нязручнасць за падтрымку Лукашэнкі, яго выбарчых фальсіфікацый і парушэнняў правоў чалавека", — гаворыць тэлеграма. У ёй жа (нагадаем, гэта 2006 год) згадваецца прапанова дадаць у “чорны спіс” дзяржаўных журналістаў.

Ганчарык прадказаў зняволенне Казуліна

Па выніках размовы з кандыдатам у прэзідэнты 2001 года Ўладзімірам Ганчарыкам амерыканскі амбасадар даслаў тэлеграму ў Вашынгтон. Амбасадар пацікавіўся, маўляў, "чаму гэта Міхаіл Марыніч сядзіць у турме за сфабрыкаванае злачынства, а Казулін, якога абвінавацілі ў карупцыі, калі той быў рэктарам БДУ, на волі і выступае як прэтэндэнт па пасаду прэзідэнта". Ганчарык чуткі пра тое, што Казулін — марыянетка ўрада, абверг. І адзначыў, што і Марыніч, і Скрабец не патрапілі ў турму, адразу ж як пачалі дзейнасць супраць Лукашэнкі. "Ён прадказаў, што калі Казулін стане большай пагрозай для Лукашэнкі, то, як і іншыя, апынецца ў турме", — перадае тэлеграма, датаваная лютым 2006 года.

Неўзабаве на Еўрарадыё - працяг публікацый найбольш цікавага са здабытых Wikileaks тэлеграм

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі