Тралейбусны парк: З кіроўцам будзем разбірацца, шукаем сведкаў
Кіроўца, які выкінуў пасажыра з тралейбуса, 37 гадоў за рулём, яго фота на дошцы гонару.
На прыпынку "Дом друку" кіроўца выкінуў пасажыра з тралейбуса. Відэа здарэння абмяркоўвае інтэрнет. Кіраўніцтва тралейбуснага парка прызнае, што кіроўца мусіў у такім выпадку выклікаць міліцыю, таму яго паводзіны будуць разбіраць. Але там лічаць, што ў канфлікце вінаваты пасажыр.
"Ён быў у нецвярозым стане. Калі кіроўца спыніўся на скрыжаванні на чырвонае святло, ён патрабаваў адчыніць пярэднія дзверы, каб выйсці на скрыжаванні. Кіроўца патлумачыў, што высадка адбываецца толькі на прыпынку, і працягнуў рух. Але ж пасажыр пачаў паводзіць сябе неадэкватна, агрэсіўна, стаў лаяцца і пагражаць. Пачаў спрабаваць адчыніць пярэднія дзверы падчас руху, а гэта небяспечна для пасажыраў. Калі б ён адчыніў дзверы, адбылося б экстранае тармажэнне і маглі б пацярпець людзі".
Паводле версіі супрацоўнікаў Тралейбуснага парка № 5, на прыпынку кіроўца запатрабаваў, каб малады чалавек выйшаў з тралейбуса, але той ужо выходзіць не хацеў, а "працягваў хаміць, пагражаць і стукаць у шкло".
"Дзеянні кіроўцы будуць аналізавацца, праводзіцца ўнутранае расследаванне. Шукаем сведкаў".
А пасля будзе вырашна, якія меры прымаць ці абмежавацца папярэджаннем.
Як даведалася Еўрарадыё, кіроўца тралейбуса 37 гадоў за рулём, яго фота на дошцы гонару. А яго калегі не маглі паверыць, што нехта змог яго вывесці з раўнавагі. У тралейбусным парку дадаюць яшчэ адну цікавую дэталь:
"Кіроўца размахнуўся, каб стукнуць, але не зрабіў гэтага, а потым стукнуў далонню трошкі, бо атрымаў плявок у твар, на відэа гэта не бачна".
Кіроўца мае права не пусціць пасажыра ці высадзіць на бліжэйшым прыпынку, калі той парушае правілы перавозкі, распавядаюць у тралейбусным парку.
"...а тут пасажыр парушыў правілы — быў у нецвярозым стане, грубіяніў, спрабаваў адчыніць дзверы пад час руху. Кіроўца меў права высадзіць яго".
Але калі парушальнік адмаўляўся выйсці з тралейбуса, трэба было выклікаць міліцыю...
За апошнія паўгода гэта ужо шосты выпадак гучных сутычак у грамадскім транспарце.