Ці атрымае Пашкевіч 100.000 долараў за інфармацыю пра Бакіева?
Еўрарадыё звязалася з праваахоўнікамі Кыргызстана і адшукала Жаныбека Бакіева на афіцыйным сайце Інтэрпола.
У міліцэйскай арыенціроўцы МУС Кыргызстана тлустым шрыфтам абяцана грандыёзнае ўзнагароджванне за інфармацыю аб месцазнаходжанні Жаныбека Бакіева: “100 тысяч долараў ЗША гарантавана”.
Гаворка вядзецца пра таго самага Жаныбека Бакіева, якога беларус Міхаіл Пашкевіч выпадкова сфатаграфаваў на вуліцы Карла Маркса ў Мінску.
Ці атрымае Міхаіл грашовы куш?
“Не, толькі ў тым выпадку, калі Бакіева зловяць, — з усмешкай адказвае Еўрарадыё службовая асоба з Упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва МУС Кыргызстана. — Калі б ён выдаў Жаныбека Бакіева, тады б узнагароджванне атрымаў”.
Начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Эсэн Саліеў здзіўляецца ўзнагароджванню ў 100 тысяч долараў за інфармацыю. Ён тэлефануе старшыні Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.
“Паразмаўлялі з начальнікам ГУБАЗ, які непасрэдна іх усіх вылоўлівае. Ён павінен быў ведаць у першую чаргу. Ён кажа: “Я не ў курсе”, — разводзіць рукамі Эсэн Саліеў.
“Пакуль што са мной звязваюцца толькі нейкія сябры сям’і Бакіевых, якія перадаюць сурвэткі з пагрозамі. Зараз, дарэчы, падаў заяву ў пракуратуру наконт гэтай сурвэткі, — распавядае Еўрарадыё Міхаіл Пашкевіч. — І давайце казаць як ёсць: я не Сімон Візенталь (знакаміты паляўнічы за нацысцкімі злачынцамі. — Еўрарадыё) і не займаюся вышукам асабліва небяспечных злачынцаў. Гэта быў абсалютна выпадковы фотаздымак”.
Абсалютна выпадковы фотаздымак стаў прычынай міжнароднага скандалу. Афіцыйны Кыргызстан патрабуе выдачы Жаныша Бакіева, а таксама двух яго спадарожнікаў — Рустама Сайдуева і Тахіра Рысаліева, якія абвінавачваюцца ў забойствах.
Усе трое герояў фотасесіі знаходзяцца ў міжнародным вышуку. Адкрываем афіцыйны сайт Інтэрпола і шукаем Жаныша Бакіева ў базе. Знаходзім наступную інфармацыю: "54 гады, размаўляе па-руску і па-кіргізску, рост — 175 сантыметраў, валасы — сівыя, вочы — карычневыя, абвінавачваецца ў злачынствах супраць чалавечнасці, у выкраданні людзей, злачынствах супраць жыцця і здароўя, транснацыянальных арганізаваных злачынствах...”.
“МУС не дае каментароў наконт фотаздымкаў, пра якія вы кажаце”, — адказвае на пытанне Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч.
Жаныбека Бакіева сфатаграфавалі ў сотнях метраў ад Галоўнага ўпраўлення Міністэрства ўнутраных спраў, дзе яго, па ідэі, павінны шукаць…