Ці маглі спартсмены наўмысна праваліць Алімпіяду?
Удзельнікі Гульняў у Лондане і былы міністр спорту адказалі на “наезд” Алега Качана.
Выказванні міністра спорту Алега Качана пра “алімпійскі сабатаж” нарабілі розгаласу ў Беларусі і разышліся па сусветных медыях.
Нагадаем, на сумеснай калегіі Мінспорту і НАКа чыноўнік паведаміў: ёсць інфармацыя пра тое, што некаторыя нашы спартсмены наўмысна не паказвалі высокія вынікі на Гульнях у Лондане.
Асабліва дасталася дзяржаўнаму трэнеру па лёгкай атлетыцы Аляксандру Трашчылу.
“Вы з чэмпіёнаў свету ці з вуліцы прыйшлі ў спорт?” – сварыўся на спецыяліста міністр Качан.
“Вы ведаеце што, вельмі шмат версій ходзіць, і ў кожнага чалавека, напэўна, ёсць сваё бачанне гэтага, — дыпламатычна адказвае на тэлефанаванне Еўрарадыё Аляксандр Трашчыла. — Міністра каментаваць – гэта непрыстойна. Але падумайце пра гэта глыбей… Вось і ўсё, што я магу вам сказаць”.
Былы міністр спорту Беларусі Юрый Сівакоў (кіраваў ведамствам з 2003 па 2005 гады), пачуўшы выказванні сённяшняга міністра, не стаў займацца дыпламатызмам:
“Мне падавалася, што я някепска ведаю Качана. Але, калі я пачытаў яго выказванні на гэтым “базары”, які назвалі “калегіяй”, мне стала сорамна за яго абсалютную некампетэнтнасць у пытаннях упраўленчай дзейнасці”.
Юрый Сівакоў не лічыць верагоднай магчымасць сабатажу:
“Ніхто больш не нацэлены на высокі вынік, чым сам спартсмен. І з пункту гледжання маральнага, і з пункту гледжання матэрыяльнага. З пункту гледжання кіравання персаналам, вельмі непісьменна, калі кіраўнік са сваіх плячэй перакладае адказнасць на плечы падначаленых”.
Галоўнай задачай начальніка Юрый Сівакоў называе ўменне стварыць умовы для спартсменаў і сфармаваць прафесійную каманду, якая займаецца планаваннем і прагназаваннем. Такая, на думку былога міністра, у яго была.
“Харошая каманда была і ў Грыгарава. І сам Грыгараў – невыпадковы чалавек у спорце, як я. Качан гэту каманду разагнаў, прыбраў вось гэтых аксакалаў, якіх, пакуль галава працуе, трэба вазіць на работу, таму што гэта ўнікальныя спецыялісты”.
Партал naviny.by перадае, што Алег Качан, крытыкуючы беларускіх атлетаў, прапясочыў і тых, на каго, здавалася б, няма чаго наракаць. Напрыклад, баксёру Сяргею Карнееву, якога, на думку многіх, засудзілі, міністр параіў “біць так, каб не падымаўся”. А ў адрас штурхальніка ядра Андрэя Міхневіча, у якога падчас спаборніцтваў траўмавалася спіна, сказаў: “Мне ўсё адно: хруснула, не хруснула, павінен быў штурхнуць”.
Перспектыўная лёгкаатлетка Настасся Мірончык-Іванова, скакуха ўдаўжыню, не змагла ў Лондане трапіць у прызы і паказаць вынік, на які здольная. Але словы пра сабатаж спартсменку абураюць:
“Гэта ж Алімпіяда, асноўны старт. Усе імкнуліся паказаць там высокі вынік. Калі ў Андрэя Міхневіча траўма, то як чалавеку выступаць, не залячыўшы яе? Калі траўма ці нешта не атрымалася, то што з гэтым рабіць? Гэта спартыўнае жыццё, спартыўная кар’ера”.
Настасся выказвае сваё меркаванне і наконт прычыны няўдалага выступлення лёгкаатлетаў.
Настасся Мірончык-Іванова: “У нас ідзе змена пакаленняў, таму, напэўна, здарыўся пераварот у выніках. Старэйшыя сыходзяць, а моладзь толькі-толькі прыходзіць, у тым ліку і я. Патрапіла ў фінал, і гэта толькі пачатак кар’еры. Таму фінал – гэта таксама някепска”.
Чацвёртага верасня Настасся выступіла ў Заграбе на міжнародных спаборніцтвах і заняла другое месца. Нягледзячы ні на што, яна працягвае ўдасканальвацца.
Настасся Мірончык-Іванова: “Не скідваю на кагосьці, што мне не далі падрыхтавацца. Гэта было ў нашых руках – трэнера і маіх. Гэта нашы памылкі, якія мы будзем выпраўляць. Я была гатова, але не падразлічылі… А я буду даказваць, што магу выступаць за мяжой, магу паказваць добры вынік на Алімпіядзе”.
Фота zimbio.com