У АГП не выключаюць, што Дзмітрыеў паспрабуе застацца ў партыі
Учора былы кіраўнік штаба лідэра кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміра Някляева стаў беспартыйным.
З дзесяці сябраў Мінскага гарадскога савета Аб’яднанай грамадзянскай партыі 8 прагаласавалі за выключэнне Андрэя Дзмітрыева з партыі, 1 устрымаўся і яшчэ адзін — выказаўся супраць гэтага. Але на думку кіраўніка сталічнай суполкі АГП Анатоля Паўлава, Дзмітрыеў будзе аспрэчваць гэта рашэнне.
Анатоль Паўлаў: “Ён мае права, згодна з нашым статутам, падаць заяву ў Рэвізійную камісію і яна будзе разбірацца: маем мы рацыю ці не. І я не сумняюся, што ён гэта зробіць — ён гэтую валтузню яшчэ працягне”.
Нагадаем, пасяджэнне Мінскага гарадскога савета АГП прайшло позна вечарам 10 студзеня. Сябра Нацыянальнага камітэта і кіраўніка Міжнароднай камісіі АГП Андрэя Дзмітрыева выключылі з партыі з фармулёўкай “за нанясенне палітычнай шкоды партыі”. Яго абвінавачваюць у тым, што падчас прэзідэнцкай кампаніі працаваў не на карысць кандыдата ад АГП Яраслава Раманчука, а быў кіраўніком штаба лідэра кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміра Някляева.