У Беларусі генна-мадыфікаваныя прадукты скормліваюць каровам і свінням

У Беларусі забароны на ўвоз і продаж генна-мадыфікаваных прадуктаў няма. Нельга іх ужываць толькі ў дзіцячым харчаванні. Але на кожным такім прадукце, на ўпакоўцы і на цэнніку, павінна быць пазначана: “Утрымлівае ГМА”.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў Міністэрства гандлю Ірына Барышнікава:

“Правіламі гандлю вызначана, што інфармацыя пра ўтрыманне ГМА-кампанентаў павінна быць заўважнай, і таму павінна быць абазначана на цэнніку чырвоным шрыфтам. Памер шрыфту — большы за той, якім напісана назва прадукту. Акрамя гэтага, інфармацыя пра наяўнасць ГМА абавязкова павінна быць пазначана на упакоўцы”.

Паводле словаў Ірыны Барышнікавай, гэта робіцца дзеля таго, каб спажывец самастойна мог рабіць выбар — купляць яму такі тавар альбо не.

Ці шмат генна-мадыфікаваных прадуктаў мы ямо? Журналістка Еўрарадыё прайшлася па вялікіх мінскіх крамах. Ні ў “Кароне”, ні ў гастраноме “На Нямізе”, ні ў іншых буйных крамах цэннікаў з пазнакай “Утрымлівае ГМА” мы не знайшлі. У чым жа прычына?

Супрацоўнік рэспубліканскага Цэнтра біябяспекі патлумачыў гэта тым, што беларусы баяцца купляць генна-мадыфікаваныя прадукты, таму самі крамы стараюцца іх не прадаваць. А калі які прадпрымальнік выпадкова прывязе такі прадукт, то, каб пазбегнуць лішняй цяганіны, прадае яго на корм хатняй жывёле.

Цэнтр біябяспекі: “У нас сапраўды ў крамах іх практычна няма. Працэнт такіх прадуктаў нават пры выяўленні складае менш за 1%, а на паліцы дык увогуле не трапляе. Таму што народ у нас пакуль баіцца, і нашыя прадпрымальнікі адпаведна адразу шукаюць новыя спосабы, куды іх падзець.. Тое, што ў нас часам трапляецца, у асноўным ідзе на корм жывёле.

Вы сабе ўявіце, што калі ў вас стаіць, скажам, вагон бляшаначак з гарошкам, цяпер на кожную бляшаначку вам трэба наклеіць спецыяльную лэйбачку. Колькі гэта працы і ўсяго іншага! Таму прасцей што-небудзь іншае зрабіць, чым гэтым займацца”.


Затое лэйбачкі з тэкстам “Не ўтрымлівае ГМА” вытворцы налепліваць не лянуюцца. Такія надпісы мы знайшлі на кукурузе, папкорне і нават соевым соусе!





Дарэчы, гэта прадукты, якія ўваходзяць у групу рызыкі. І таму для іх праверка абавязковая. Кожны прадукт, які ўтрымлівае сою ці кукурузу, абавязкова павінен быць правераны на наяўнасць ГМА.

Соя, якую мы спажываем, сапраўды можа не ўтрымліваць ГМА, супакоілі нас у Цэнтры біябяспекі. Як правіла, уся генна-мадыфікаваная соя ідзе на корм жывёле.

Цэнтр біябяспекі: “Можа не ўтрымліваць, я вас запэўніваю… Усё тое, што ўтрымлівае сою і кукурузу, кожная такая партыя тавару правяраецца — гэта адназначна. Таму калі яно патрапіла на паліцу ў краме і няма на ім надпісу “Ўтрымлівае ГМА”, значыць у выніку аналізаў у ім ГМА не выявілі.

Соя, якая ідзе на корм скаціне, практычна ўся генна-мадыфікаваная, а тая, што ідзе ў прадукты харчавання, — там стараюцца не выкарыстоўваць”.


У свеце дагэтуль спрачаюцца наконт бяспечнасці генна-мадыфікаванай прадукцыі. Адны вучоныя кажуць, што яна цалкам бяспечная для здароўя. Іншыя ў гэтым сумняваюцца і адзначаюць, што праверыць мы гэта зможам, толькі калі народзіцца наступнае пакаленне.

Каб людзі не хваляваліся, вытворцы штампуюць надпісы “Не ўтрымлівае ГМА” нават на прадукты, якія па вызначэнні ўтрымліваць іх не могуць. Лэйблы ставяць ледзьве не на табурэты, расказаў Еўрарадыё начальнік упраўлення метралогіі Дзяржстандарту Сяргей Няфёдаў:

“У нас цяпер больш праблемаў узнікае са знакам добраахвотнай маркіроўкі “Не ўтрымлівае ГМА”. Таму што да нас шмат паступае прадукцыі з Расіі, дзе пішуць “Не ўтрымлівае ГМА” на прадуктах, у якіх у прынцыпе не бывае ГМА. У нас паводле Правілаў маркіроўкі неабходна маркіраваць толькі прадукты харчавання, якія падлягаюць кантролю за наяўнасцю ГМА. То бок мы такі знак на прадукты кшталту табурэткі і гарэлку ставіць не будзем”


Што рабіць, калі вы купілі прадукт, на якім няма апазнавальнага знаку пра ГМА, а пасля праверкі апынулася, што ён генна-мадыфікаваны? Ці можна ў такім разе падаць іск на вытворцу? Ірына Барышнікава кажа, што не варта спяшацца ў суд — тавар можна проста вярнуць і папрасіць за яго кампенсацыю

Ірына Барышнікава, Мінгандлю: “Ёсць дасудовы парадак — вы можаце вярнуць гэты тавар, таму што вам была прададзена непраўдзівая інфармацыя. І вам абавязаныя кампенсаваць страты, якія вы панеслі ў выніку набыцця тавару з непраўдзівай інфармацыяй. Я яго не называю няякасным — вам проста была прададзена непраўдзівая інфармацыя”.

Згодна са словамі Ірыны Барышнікавай, за парушэнне патрабавання стандартаў, вызначаная адміністрацыйная адказнасць. Акрамя гэтага парушальнікаў запісваюць у спіс нядобрасумленных вытворцаў прадуктаў, якія ўтрымліваюць ГМА. Гэты спіс увесь час папаўняецца на сайце Мінгандлю. У асноўным там знаходзяцца пастаўшчыкі крабавых палачак з Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі