У Беластоку адбылася прэзентацыя кнігі пра беларуска-польскае памежжа
Аўтар згадвае, як беларусы “за бочку самагонкі” адсунулі сталінскую мяжу.
Кніга “Белы конь” выйшла раней па-беларуску, а цяпер і па-польску. Аўтар яе 52-гадовы Міхась Андрасюк. Ён піша на абедзвюх мовах, але “па-свойму”, трымаючыся моўных традыцый людзей, якія жывуць паабапал мяжы. Па-свойму яны ў свой час абышліся і з мяжой. Гісторык Яўген Вапа пацвярджае:
“Мясцовыя гэта ніколі не гаварылі, гэта было народнай таямніцай. Калі пасля вайны ўсталёўвалі мяжу, і ім сказалі, што будуць жыць у Савецкім Саюзе, дык яны гэтых памежнікаў, капітанаў, сяржантаў усяляк паілі гарэлкай, сала насілі, абы толькі тыя адсунулі мяжу крыху далей”.
Пасля фэсту з самагонкай, мёдам і салам цалкам вынеслі за тэрыторыю СССР родную вёску Міхася Андрасюка Вялікая Апака.
Старыя беларусы ў Польшчы амаль не баяцца больш распавядаць пра тыя часы, і можна пачуць нечаканыя версіі, сказаў Яўген Вапа.