У Брэсце разбураюць калонію Варбурга (фота)

Квартал па 1-ым Мінскім завулку названы так у гонар кіраўніка “Джойнта”, які браў удзел у прыняцці рашэння па вылучэнні грошай на ўсе 12 дамоў.  Драўляныя дамы — двухпавярховыя,  васьмікватэрныя.  Засталося іх на сёння 9. Афіцыйна яны прызнаныя непрыдатнымі для жылля, але многія  былыя жыльцы кажуць, што дамы зробленыя з добрага дрэва і яшчэ пастаялі б. Быў выпадак, калі адна жыхарка адмовілася пераязджаць у прадастаўленую ёй кватэру, матывуючы, што тая горшая за стары дом.

Мясцовае яўрэйскае таварыства “Брыск” хадайнічала, каб захавалі хоць адзін дом як гістарычны помнік. Як паведамляе газета “Брестский курьер”, мясцовыя ўлады  згодныя пакінуць адзін дом.

 “Кажуць: “Давайце адзін дом пакінем”. Гэта помнік як ансамбль.  Гэта як калі  чалавек добра апрануты, а вы кажаце: давайце банцік яму пакінем, а ўсё астатняе выкінем, бо яно ўжо нібыта крышачку абцёрлася. Але гэта яшчэ і помнік гістарычны.  Не разумею ўвогуле, як можна ставіцца да гэтага месца з такой пагардай”, — кажа доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская.

Гэты помнік архітэктуры адзін у сваім родзе ў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі