"Інтэграл": Не бачым сэнсу псаваць рынак ноўтбукамі
Ніводная камплектуючая камп'ютара ў Беларусі не вырабляецца.
15 лістапада на семінары па імпартазамяшчэнні прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч прапанаваў увесці пошліну на імпартныя ноўтбукі і планшэты. Па яго словах, Беларусь можа заняць лідыруючыя пазіцыі па вытворчасці гэтай прадукцыі.
Тым часам вытворцы камп’ютарнай тэхнікі не згаджаюцца з прэм’ерам.
“Ноўтбукі пакуль рабіць не будзем. Мы пакуль глядзім і не бачым сэнсу. Добрыя “Toshiba” прывозяць у Беларусь, не будзем ім псаваць рынак”, – распавядаюць Еўрарадыё на прадпрыемстве “Інтэгралтэхніс”.
Супрацоўнік прадпрыемства кажа, што беларускія ноўтбукі нікому не патрэбныя. Толькі калі бюджэтным арганізацыям, у якіх зараз скарачаецца бюджэт.
“Інтэгралтэхніс”: “Яны не могуць – у іх фінансаванне абрэзана ў столькі ж разоў, у колькі ўпала эканоміка краіны. У наступным годзе не ведаюць нават, за што набываць камп’ютары, не тое, што ноўтбукі”.
Тым не менш на сённяшні дзень некалькі беларускіх фірм маюць сертыфікаты на вытворчасць ноўтбукаў. Так, мінскае прадпрыемства “МПАВТ” выпускае ноўтбукі з 2009 года. Праўда, усе яны вырабляюцца з прывазных запчастак.
МПАВТ: “У нас бяруць арганізацыі. Нават не дзяржаўныя. У асноўным партыямі, але бяруць і па 3-4 штукі, нават па адным. Вось зараз у МУС пастаўляем ноўтбукі”.
Яшчэ ў адной з кампаній Еўрарадыё распавялі, што вырабляюць ноўтбукі з кітайскіх нябрэндавых запчастак. Але набыць іх ў свабодным продажы нельга.
Вытворца кампутараў: “Мы не працуем з фізічнымі асобамі. У нас невялікі выбар. Так як выпуск невялікі, то мы не вязем гэта на склад, а вязем пад пэўны заказ, калі ён ёсць. Рынак юрыдычных асобаў яшчэ не вельмі туды зрушаны. Фізічныя асобы валодаюць большай мабільнасцю”.
Супрацоўніца кампаніі лічыць, што ўвядзенне пошліны на імпартныя ноўтбукі толькі падыміць кошты… на айчынныя лэптопы.
Вытворца камп’ютарнай тэхнікі: “Я лічу, што гэта ніколькі не дапаможа. Бо камплектуючыя ідуць пад тым жа кодам. Адпаведна тыя ж самыя мытныя пошліны прыйдзецца плаціць тым, хто будзе ўвозіць гэтая камплектуючыя. Аўтаматычна вырасце кошт і на айчынныя ноўтбукі, бо ні адна камплектуючая ў Беларусі е вырабляецца”.
Пакуль жа кампанія вырабляе некалькі дзесяткаў ноўтбукаў ў год. Бо набываць кітайскія камп’ютары беларускай зборкі пакуль ніхто не спяшаецца.
Фота: onliner.by