Як будуць эканоміць ў "год беражлівасці" чыноўнікі

130117_savich_ekonom.mp3
“Усе будуць старацца! Будзе выкананне ўсіх паказчыкаў”, — у Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці, які сочыць за выкананнем планаў па эканоміі чыноўнікамі, у поспеху не сумняваецца.

Усе дзяржустановы маюць планы па эканоміі. Міністэрствам даведзены аднолькавы план на эканомію паліва — усім знізіць выдаткі на 7%.

У Мінтрансе будуць эканоміць вадзіцелі грамадскага транспарту. Там распрацавалі праграму:


“Шэраг мерапрыемстваў, стымулявання вадзіцеляў і машыністаў, каб яны эканомілі”.


Напрыклад,  больш плаўна пачынаць рух тралейбуса, сачыць за акуратным кіраваннем:


“Можна рушыцца на першай перадачы, 50 метраў праехаць на першай, потым на другой. А можна рушыцца і адразу другую-трэцюю — і адразу эканамічны рэжым язды”.


Міністэрства лясной гаспадаркі трэба амаль стоадсоткава перайсці на мясцовыя віды паліва. Тут будуць рабіць акцэнт на… самадысцыпліне.


“Працягнем ставіць навігатары на транспарт. Злоўжыванняў няма, але калі чалавек будзе ведаць, што за ім кантроль, — будзе лепшая дысцыпліна”.


Міністэрства надзвычайных сітуацый пагаджаецца, што планы па эканоміі і беражлівасці даведзеныя нават ім.


“Гаворка не ідзе пра баявыя выезды! У нас ёсць парк легкавых аўтамабіляў, есць дзяржаўная інспекцыя пажарнага нагляду. Гэта і ёсць рэзерв для эканоміі”, — супакойваюць ў міністэрстве.


А пакуль цуды беражлівасці паказвае і Нясвіжскі райвыканкам. Тут купляюць аўто для старшыні райвыканкама за 68 тысяч долараў. Кіраўнік раёна хоча "Таёту". Бо паводле слоў бухгалтара райвыканкама, у старшыні вельмі стары аўтамабіль.


“Нісан", машына вельмі даўно — 100% знос ужо. Я вам каментаваць нічога не буду”.


У “Таёта Цэнтр Мінск” заўважаюць, што машыну за 68 тысяч долараў купляюць часта, у тым ліку гэту замаўляюць… райвыканкамы. Спытаць у самога старшыні пра новы аўтамабіль Еўрарадыё не здолела — ён ездзіць па раёне. Пэўна, на 100% зношаным аўто.

Дарэчы, ўжо вечарам, аўкцыён на пакупку аўтамабіля адменены - няма фінансавання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі