"У Гомелі цяпер забароняць квас!" (ФОТА, ВІДЭА)
Колькі не распужвала міліцыя натоўп гомельскіх удзельнікаў "рэвалюцыі", акцыя прайшла крэатыўна: выстраілася вялізарная чарга за квасам!
Гомельская акцыя прайшла незвычайна: да апошняга ўдзельнікі не верылі ў тое, што будзе болей за 100 чалавек, але колькасць удзельнікаў каля 19:00 імгненна ўзрасла і дасягнула каля 350-400 удзельнікаў.
У гэтым другім па велічыні горадзе Беларусі не збіралася падобная колькасць людзей на вуліцы на памяці моладзі ніколі! Роўна ў 19:02 каля помніка Леніну на аднайменнай плошчы ўжо было з паўтары сотні ўдзельнікаў і ўзнерваваная міліцыя і людзі ў цывільным. Людзям паведамілі ў гучнагаварыльнік, што яны знаходзяцца на тэрыторыі, дзе запланавана на гэты час "несанкцыянаванае мерапрыемства" і далей па тэксце. У выніку высадзіўся АМАП з аўтазака і першай справай затрымалі відэажурналістку Белсата, пацягнулі проста з камерай, якая так і стаяла на штатыве. Людзі сталі рассейвацца па плошчы, і ў выніку скемілі выстраіцца ў вялізарную чаргу ... за квасам!
Маладая гандлярка квасам ды марозівам усміхалася ўдзельнікам акцыі і весела прадавала ім квас, пакуль кіраўніцтва міліцыі не загадала гэтую кропку згарнуць. Усё гэта адбывалася на вачах здзіўленых удзельнікаў акцыі ды мінакоў, якія падыходзілі да натоўпа і пыталіся, што адбываецца ля рэстарана "Еўропа". А людзі бадзёра аджартоўваліся: "Вось так нас адціскаюць ад Еўропы!"
Роўна а 19:30 акцыя была завершана, пайшоў дождж, удзельнікі разыйшліся кампаніямі хто ў парк ("У парку таксама прадаюць квас!"), хто з парку. Усіх затрыманых ужо выпусцілі, а Руслана Усціменка павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.