У Кіеве адбыліся сутычкі прыхільнікаў Цімашэнкі з міліцыяй (фота)
Людзі пачалі збірацца пад Пячэрскім судом практычна адразу пасля таго, як былога прэм’ера Ўкраіны вырашылі адправіць пад варту.
Удзельнікі стыхійнага мітынгу ў падтрымку Юліі Цімашэнкі “адваявалі” у міліцыянтаў металічную агароджу і перакрылі ёй Хрышчацік. Яны цалкам спаралізавалі рух, паведамляе УНІАН. Такім чынам яны хацелі не даць дарогу аўтазаку, у якім з суду перавозілі арыштаваную Цімашэнку.
Каб вызваліць калідор для праезду машыны, міліцыянты выдалялі людзей сілай. Адзін з удзельнікаў мітынгу трапіў пад колы аўтазака, але яго паспелі выцягнуць.
Юлію Цімашэнку вінавацяць у перавышэнні паўнамоцтваў пры падпісанні газавых кантрактаў з Расіяй. Ёй пагражае да 7 год зняволення.