У Клімавічах актывістам “Гавары праўду” цікавіцца КДБ

130328_repklimoviczy.mp3

27 сакавіка Аляксандр занёс вынікі меданалізаў у ваенкамат. Ваенкам папрасіў хлопца пачакаць 15-20 хвілін, спаслаўшыся на тое, што наконт ягоных аналізаў неабходна пракансультавацца з галоўным па прызыве лекарам, расказвае актывіст Аляксандр Балобін:

“Калі я выходзіў з ваенкамата, то мяне на выхадзе чакалі двое невядомых людзей у цывільным. Яны папыталі мяне, ці гэта я Аляксандр Балобін, пасля чаго папрасілі прайсці з імі. Яны не паказалі мне ніякіх пасведчанняў, а таксама не сказалі прычыну, па якой мяне затрымліваюць. Мяне адвезлі ў суседні горад Клічаў, дзе ў будынку КДБ мяне дапытваў начальнік гэтай установы Ілля Краўцоў”.


Аляксандр Балобін адзначае, што супрацоўнік КДБ паказаў яму тры заведзеныя на яго тэчкі і сказаў, што за ім вядзецца актыўнае назіранне, бо хлопец дзейнічае ад імя незарэгістраванай арганізацыі, за што можа моцна пацярпець і аказацца за кратамі. 

Актывіст гаворыць, што ў будынку КДБ яго пратрымалі тры гадзіны. Хлопцу прапаноўвалі супрацоўніцтва са спецслужбамі, у тым ліку за грошы, аднак ад такой прапановы ён адмовіўся. Спадар Краўцоў акцэнтаваў увагу на тым, што іх размова мусіць захоўвацца ў тайне, працягвае Аляксандр Балобін:

“Калі ж размова выйдзе за межы будынка КДБ, то па мяне прыедзе картэж з трох міліцэйскіх машын. Яны мяне забяруць і болей назад не прывязуць”.


Актывіст паведамляе, што супрацоўнікі КДБ яго не адвезлі назад у Клімавічы, а кінулі ў малазнаёмым яму горадзе, сказаўшы, што хай яго забіраюць сябры. Пасля сустрэчы з камітэтчыкамі Аляксандр з дапамогаю крычаўскіх праваабаронцаў напісаў скаргу ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў КДБ. У ёй хлопец просіць правесці праверку аб законнасці ягонага затрымання, а ў выпадку, калі былі дапушчаны парушэнні — пакараць вінаватых.

Каардынатарка абласной кампаніі “Гавары праўду” Аксана Самуйлава гаворыць, што ў Магілёўскай вобласці актыўнасць кампаніі была заўсёды заўважна, таму да яе такая пільная ўвага з боку спецслужбаў.

Пасля таго як у Клімавіцкім раёне разгарнулася яшчэ больш актыўная дзейнасць — пачаўся ціск на рэгіянальнага лідара Аляксандра Балобіна, каментуе каардынатарка кампаніі "Гавары праўду" Аксана Самуйлава:

“Асноўная задача спецслужбаў — запужаць чалавека, пагражаючы тэрмінамі зняволення, пераследам, і прымусіць яго перастаць займацца дзейнасцю ў межах кампаніі “Гавары праўду”, якой ён займаецца”.


Варта адзначыць, што 23-гадовы актывіст кампаніі “Гавары праўду” Аляксандр Балобін мае дэрматалагічнае захворванне, і таму дагэтуль быў прызнаны непрыдатны да вайсковай службы. Зараз хлопец чакае вынікаў меданалізаў, па якіх будзе вызначаны ягоны далейшы лёс.

Спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі