У Мінску паказалі "Гульню ў вайнушку"
У офісе Партыі БНФ 19 красавіка прайшла прэм'ера дакументальнай стужкі "Гульня ў вайнушку", знятай Антонам Цялежнікавым сумесна з тэлеканалам "Белсат".
Фільм паказвае стан сучаснага беларускага войска, у яго аснове — апавяданні "палітычных прызыўнікоў". Сярод герояў фільма — былы лідэр моладзевага аб'яднання Партыі БНФ Франак Вячорка, актывісты зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Андрэй Цянюта ды Іван Шыла.
Як сказаў перад пачаткам прэзентацыі Франак Вячорка, "Мы прызвычаіліся, што пра наша войска або добра, або нічога, як пра нябожчыка. З гэтага фільма бачныя ўсе хібы беларускага войска з усімі яго фактамі злачынстваў, якія перыядычна даказвае ваенная пракуратура".
Дыск з фільмам ўжо дасланы ў тэрытарыяльныя ваенкаматы Мінска і ў бліжэйшы час будзе высланы ў Міністэрства абароны Беларусі, перадае БелаПАН.