У Мінску судзяць праваабаронцаў і журналістаў
Вольга Карач аштрафаваная на 20 базавых велічынь, Алег Баршчэўскі атрымаў 10 сутак арышту.
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачынаюцца суды над грамадскімі актывістамі — Паўлам Левінавым, Вольгай Карач, Алегам Баршчэўскім, Паўлам Станеўскім. Яны былі затрыманыя ўчора і абвінавачаныя ў дробным хуліганстве (нецэнзурная лаянка).Усе яны правялі ноч у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна
13-20. Вольга Карач аштрафаваная на 20 базавых велічынь, Алег Баршчэўскі атрымаў 10 сутак арышту.
12-10. У судзе над Алегам Баршчэўскім суддзя дазволіла выступіць сведкам з боку Баршчэўскага. Сведкі абверглі сцвярджэнні міліцыянтаў. Баршчэўскі таксама заявіў, што подпіс на пратаколе не ягоны, ён пратакол не падпісваў (Радыё "Свабода").
12-00. Справу Паўла Станеўскага разглядае суддзя Вольга Комар.
11-50. Вольга Карач заяўляе адвод суддзі Шумскай. Яна паведаміла, што яе затрымлівалі з прымяненьнем фізічнай сілы і кайданкоў.
11-40. У іншым памяшканьні суду пачынаецца разгляд справы Паўла Станеўскага. Левінаў пакуль знаходзіцца ў машыне ў двары.
11-30. Судзьдзя Тацяна Шумская адхіліла хадайніцтва Вольгі Карач аб допыце сьведак з боку абароны. Яе абвінавачваюць у лаянцы на вуліцы Сердзіча, непадпарадкаванні міліцыянтам. Сьведкай выступае супрацоўнік міліцыі старшы інспектар Фрунзенскага РУУСа Аляксей Кавалеўскі.
Папярэдне супрацоўнікі міліцыі патлумачылі Паўлу Левінаву, што затрымліваюць яго "па непасрэдна ўзніклым падазрэнні" ў здзяйсненні тэракта 11 красавіка ў мінскім метро. Аднак пазней супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС Мінска змянілі фармулёўку і склалі пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні.
Як стала вядома, ўчора ўдзень міліцыянты ўварваліся ў кватэру дачкі праваабронцы і журналіста Валера Шчукіна. Праверыўшы дакументы ў прысутных, міліцыянты сышлі, але вярнуліся зноў з ператрусам і затрыманнямі. Усяго было затрымана 18 чалавек. Чатырнаццаць адпусцілі без складання пратаколаў, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".