У Магілёве супраць мінскіх фанатаў спецназ ужыў газ і дубінкі (відэа)

Магілёўскі спецназ жорстка разабраўся з футбольнымі фанатамі “Мінска”, якія 2 красавіка прыехалі на матч сталічнай каманды супраць “Дняпра”. Адзін з заўзятараў нават выбег на поле і перапыніў матч.

“Правакатары суседняга сектара ў бела-блакітных шаліках ці то пачалі зайздросціць сталіцы, ці то вырашылі паказаць сваю недакрутасць, — апісвае падзеі сайт фанатаў “Мінска”. — На заўвагі з боку мінчан супрацоўнікі АМАПа не рэагавалі, нічога не зрабіўшы, за што ўласна і атрымалі лагічны адказ з боку гасцявога сектара. Пачалася славесная лаянка, у выніку якой у магілёўскіх правакатараў паляцеў дробны прадмет. Паляцеў, дарэчы, больш чым удала прама ў цэль. Тут, як ні дзіўна, умяшаліся супрацоўнікі, пусціўшы ў ход слезатачывы газ, дубінкі і г.д. Неўзабаве ўсе без разбору былі ўтаптаныя тварам уніз. Дзяўчаты 15-16-гадовыя... няма слоў. У гэтай таўканіне нехта вырваўся на поле, бо знаходзіцца ў гэтым амапаўскім кіпні не кожны вытрымае”.Тут, як ні дзіўна, умяшаліся супрацоўнікі, пусціўшы ў ход слезатачывы газ, дубінкі і г.д. Неўзабаве ўсе без разбору былі ўтаптаныя тварам уніз. Дзяўчаты 15-16-гадовыя... няма слоў.

Пасля матчу прыхільнікаў “Мінска” пасадзілі ў аўтазакі і адвезлі ў міліцыю, дзе яшчэ каля 4 гадзін складалі пратаколы і здымалі іх на відэа. 

“Усіх узялі, пасля матча пасадзілі ў аўтазакі, у два зялёныя фургоны, — прыгадвае прэс-сакратар “Мінска” Аляксандр Томін. — Я не памятаю, каб у іншых нейкіх гульнях так запіхвалі. Не зразумела: за што ды як?! Звычайна ж зачыншчыкаў бяруць, а тут — зачыншчыкаў чаго?”

Кіраўніцтва сталічнай каманды незадаволенае такім стаўленнем да сваіх фанатаў.

“Калі вы прыходзіце ў гасцявы сектар і атрымалі дубінкай, вы не лічыцеся заўзятарам, проста прыйшлі паглядзець — ці будзе вам прыемна? Там людзі былі і за 40 гадоў, і дзяўчаты... Вось як пасля гэтага народ пойдзе на стадыён?”, — дадаў Аляксандр Томін.

Здарэнне ў Магілёве, хутчэй за ўсё, разгледзіць Дысцыплінарны камітэт, распавялі Еўрарадыё ў Федэрацыі футбола.

“Працэнтаў на 100 гэтае пытанне будзе падымацца. Увогуле, выбег фаната на поле — гэта надзвычайнае здарэнне”.

Паколькі на поле выбег фанат “Мінска”, то пакараць штрафам могуць менавіта сталічны клуб. Аднак у Федэрацыі мяркуюць, што пакаранымі могуць быць абедзве каманды.

“Думаю, і адзін, і другі бок панясе пакаранне. Па-першае, сілы правапарадку не змаглі забяспечыць парадак. А калі прызнаюць, што ўсё пачалося на гасцявым сектары, то і “Мінск” будзе пакараны”, — дадалі ў прэс-службе Федэрацыі.

 Фота: fcminsk.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі