У Магілёве знішчаюць дарэвалюцыйныя будынкі

111005 KrauchankaS.mp3

Еўрарадыё: Як даўно вы заўважылі, што дамы па вуліцы Віленскай пачынаюць знішчацца?

Уладзімір Краўчанка: Пяць год таму гэта яшчэ былі жылыя дамы. Пасля таго як іх перавялі ў нежылы фонд, іх пачалі разбураць. Разбураюць тыя службы, якія павінны ахоўваць – ЖЭА пасылаюць рабочых, якія дэмантуюць усё, што можа спатрэбіцца чыноўнікам на будаўніцтве лецішчаў ці загарадных дамоў. Дэмантуюцца батарэі, падваконні, металічныя дзверы, сантэхніка. Практычна дамы знішчаюць. Пасля таго як дзверы вынеслі, туды і моладзь прыходзіць, і рабочыя кідаюць недапалкі. Гэтыя дамы восем разоў гарэлі. Нават у доме, што знаходзіцца на балансе упраўлення ўнутраных справаў магілёўскага абліспалкома, усё раскрадзена.

Еўрарадыё: Гэтыя дамы ўяўляюць гістарычную каштоўнасць?

Уладзімір Краўчанка: Гэтыя дамы прастаялі вайну, і першую сусветную і другую сусветную. Самы новы з гэтых будынкаў пабудаваны ў 1910 годзе. Гэта пачатак мінулага стагоддзя. Будавалі багатыя людзі, шмат ляпніны, выкарыстоўвалі беларускі арнамент, беларускае каванне, там гаўбцы зробленыя з ажурных металічных рашотак. Гэта самы цэнтр, гістарычная частка горада. На будынку маецца таблічка, што ён ахоўваецца дзяржавай. Жыхары пакінулі гэтыя будынкі ў добрым стане. Усе разумеюць, што разбурылі гэтыя дамы не бамжы, не бяздомныя, а чыноўнікі. А чыноўнікам усё можна.

Еўрарадыё: Можа прасцей выставіць гэтыя будынкі на аўкцыён?

Уладзімір Краўчанка: Можна. Але дзяржава выстаўляе на іх такі кошт, што ніхто не хоча іх набываць. Зніжаць кошт дзяржава не хоча, бо гэтыя дамы патрабуюць вельмі вялікіх капіталаўкладанняў, асабліва зараз, калі іх разрабавалі да немагчымасці.  І хутчэй за ўсё іх давядуць да такога стану, каб узнавіць было ўжо немагчыма.

Еўрарадыё: Што вы робіце, каб звярнуць увагу грамадскасці да гэтага стану рэчаў?

Уладзімір Краўчанка: Тры разы пра гэта інфармавалася адміністрацыя прэзідэнта. Пра гэта ведае пракуратура і рэспубліканская і абласная і раённая. Пра гэта ведае міністэрства ўнутраных справаў і ўпраўленне ўнутраных справаў і раённая міліцыя. Але справа ў тым, што закон відавочна парушаны менавіта чыноўнікамі, высокапастаўленымі чыноўнікамі. І ніхто нічога не можа зрабіць. Калі б гэта быў просты чалавек вінаваты,з ім даўно б расправіліся. А так атрымліваецца замкнёнае кола.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі