У Варшаве адбудзецца прагляд беларускага кіно — "Бульбамуві"

Арганізатар фэсту Януш Гаўрылюк  распавёў Еўрарадыё: "Ідэя простая – пазнаёміць польскага гледача з беларускім кіно, дакументальнымі, альтэрнатыўнымі, мастацкімі  фільмамі. Ва ўсіх фільмах будуць польскія субтытры. Гэта праект, скіраваны на палякаў, таму што палякі нічога не ведаюць пра беларускае кіно, нічога не ведаюць і пра Беларусь, апрача інфармацыі, якая часам з’яўляецца ў польскіх навінах.

Еўрарадыё: А чаму такая гучная назва ў вашага фэста - «Бульбамуві»? 

Януш Гаўрылюк: Менавіта таму, што яна гучная. Яна павінна быць такой, каб адразу было зразумела, пра што вядзецца. Гэта назва, якая чапляе.

Еўрарадыё: Але вам не падаецца, што гэта стэрэатыпнае ўспрыняцце Беларусі?

Януш Гаўрылюк: Так, але гэта такая гульня. Мы ведаем, што гэта стэрэатып і адмыслова робім гэта, каб пазбавіцца стэрэатыпу.

Еўрарадыё: А ці будзе нейкая адмысловая імпрэза адкрыцця фестывалю – напрыклад з беларускімі стравамі, з гасцямі?

Януш Гаўрылюк: Пачатак будзе такі: мая сяброўка Аня, польская кінажурналістка, якая будзе весці гэтыя мерапрыемствы, адкрые сустрэчу. А потым выйдзе твар фэста  «Бульбамуві” Пятро з мехам бульбы і высыпле гэтую бульбу на ўсё кіно.

Еўрарадыё: А колькі фільмаў будзе паказана за два дні? І якія самыя цікавыя на ваш погляд?

Януш Гаўрылюк: Будзе 20 фільмаў і адзін кароткі па-за праграмай. І адзін кароткі ролік па-за праграмай. Ролік, зняты перад прэзідэнцкімі выбарамі хлопцам, што працаваў на беларускім дзяржаўным тэлебачанні. Мы пакажам яго ў блоку Альтэрнатыўнае кіно перад фільмам “Случай з пацаном”. Я ад сябе раю пайсці менавіта на гэты “Случай з пацаном”. Гэта, на маю думку, ужо культавы ў Беларусі фільм, зняты дзесяць гадоў таму, але ўсё яшчэ актуальны. Не кожнаму гэты фільм спадабаецца, бо яго зрабілі анархісты, якія здзекуюцца і з прэзідэнта і з апазіцыі. Але ў ім шмат праўды.

Еўрарадыё: Ці ўсе фільмы маюць палітычны кантэкст?

Януш Гаўрылюк: Насамрэч там не будзе палітычнага кантэксту, апроч гэтага фільма. Перадусім мы ставім на мастацтва ў гэтых фільмах. Случай з пацаном цікавы тым, што ён паказвае абодва бакі. Ён паказвае і чорны бок нашага, добрага боку. Калі мы падбіралі фільмы, мы кіраваліся тым, каб палякі маглі даведацца больш пра Беларусь – што беларусы думаюць, як яны жывуць, як выглядае Беларусь. Каб яны зразумелі, што Беларусь гэта не толькі прэзідэнт, апазіцыя і час ад часу саюз палякаў у Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі