Убачыў свет першы дударскі глянец
Альманах "Dudar" прысвечаны самаму эратычнаму музычнаму інструменту Беларусі - дудзе.
Як адзначыў рэдактар часопіса, лідар гурта “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі, нарэшце дударскі рух у Беларусі “дарос” да таго, што з’явілася неабходнасць выдаць свой часопіс.
“Задача наступная, – кажа Зміцер Сасноўскі. – Зрабіць яго глянцавым, зразумелым, даступным і настолькі ілюстраваным, што нават чалавек, які адразу не захоча яго чытаць, можа прагартаць часопіс, і з дапамогай вялікай колькасці ілюстрацый скласці уяўленне пра тое, што зараз робіцца ў беларускім дударскім руху”.
Аўтары плануюць, што "Dudar" будзе выходзіць 2 разы на год. Ужо гатовы матэрыял для другога нумару, які будзе прэзентаваны ў верасні. Зараз рыхтуецца трэці. У наступным нумары “Дудара” аўтары абяцаюць разгледзець паболей правакацыйных пытанняў. Напрыклад, абяцаюць дыскусію на тэму жаночага дударства, якое, па меркаванні некаторых музыкаў, увогуле не мае права на існаванне.
У часопісе шмат гісторыі дуды, навуковай інфармацыі, справаздач з этнаграфічных экспедыцый ды шматлікіх фестываляў і канцэртаў. У планах, увесці педагагічны раздзел па саманавучанні ігры на дудзе. Апошняя старонка альманаха цалкам прысвечаная анекдотам пра дудароў.
Першы нумар "Dudar" прэзентуецца выключна для ўдзельнікаў Дударскага клуба, замежных калег ды будзе разыгрывацца на конкурсах і фэстах. Плануецца, што толькі наступны нумар трапіць у шырокі продаж.