Украіна адмяняе саміт у Ялце
Прычына ў тым, што шэраг кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаваў адмовіліся прыняць у ім удзел.
Як перадае УНІАН, пра гэта паведаміў кіраўнік прэс-службы украінскага МЗС Аляксандр Дзікусараў. Па яго словах, мерапрыемства адбудзецца не 11-12 траўня, а ў пазнейшыя тэрміны. Яны будуць вызначаныя па дыпламатычных каналах.
Нагадаем, пяць прэзідэнтаў еўрапейскіх краін (Румыніі, Албаніі, Харватыі, Чэхіі і Чарнагорыі) наўпрост заявілі пра адмову ад удзелу ў саміце праз справу Юліі Цімашэнкі. Прэзідэнт Нямеччыны не заяўляў настолькі адкрыта, але менавіта гэтая прычына выцякала з каментароў МЗС Нямеччыны.
Акрамя таго, прэзідэнты Балгарыі, Латвіі, Эстоніі, Італіі, Аўстрыі і Славеніі адмовіліся прыбыць на саміт, афіцыйна спаслаўшыся на іншыя прычыны. Пры гэтым у некаторых выпадках усё ж выказвалася занепакоенасць справай Цімашэнкі.
Пацвердзілі свой удзел у саміце прэзідэнты Літвы, Польшчы, Славакіі і Малдовы.
Фота — uainfo.censor.net.ua