Уладзімір Някляеў: Думаў, што выйду на волю праз 3 гады
Актывісты кампаніі "Гавары праўду!" выйшлі на волю, але ў крымінальнай справе пачалі фігураваць "дзве адзінкі агнястрэльнай зброі", патроны, нажы, а таксама нар
Сёння апоўдні з ізалятара часовага ўтрымання выпусцілі паэта Ўладзіміра Някляева, рэдактара газеты "Товарищ" Сяргея Вазняка і актывіста АГП Андрэя Дзмітрыева.
Перш за ўсё паэт, лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" пажартаваў, што для шчасця шмат не трэба.
Уладзімір Някляеў: "Гэта калі закруцяць табе рукі ў кайданкі, закруцяць за спіну, пасадзяць у клетку аўтазакаўскую, дзе не павярнуцца ніяк – і па Мінску пару гадзін тра-та-та-та. А пасля як здымуць кайданкі – такая асалода!"
Нагадаем, усіх траіх затрымалі пасля масавых ператрусаў 18 траўня ў Мінску ды іншых гарадах Беларусі. З офісаў і кватэр актывістаў грамадзянскай кампаніі канфіскавалі камп’ютары, тэлефоны і іншыя носьбіты інфармацыі.
Усяго было затрымана і дапытана ў якасці сведкаў больш за 20 актывістаў і экспертаў кампаніі. У навукоўцы Святланы Навумавай ператрус ішоў больш за шэсць гадзін. Забралі ўсе паперы на англійскай мове, тэхніку, уласныя грошы.
Святлана Навумава: "У мяне забралі ўласныя грошы, адкладзеныя на дарагое лячэнне. Увогуле, было шмат працэсуальных парушэнняў. Не сказалі, па якім артыкуле заведзеная справа. На маё пытанне, што яны хочуць шукаць, каб я ім сама выдала, таксама не адказалі. Буду падаваць скаргу на гэтыя дзеянні".
Уладзімір Някляеў упэўнены, што ператрусы маюць палітычную падаплёку. Ён кажа, што афіцыйнай мэтай было “знайсці каштоўнасці, нажытыя злачынным шляхам”. Такіх не знайшлі. Ён ведаў, што рана ці позна кампанію “Гавары праўду!” паспрабуюць спыніць, і ён разумеў, чым гэта можа скончыцца.
Уладзімір Някляеў: "Па шчырасці, не думаў, што выйду сёння. Выглядала, што гады праз тры".
Але, па словах паэта, "нешта ў іх не склалася, не чакалі, што праўда будзе так падтрымана". У кожным разе, кампанія працягваецца.
Уладзімір Някляеў: "Калі яны забралі "жалеза", гэта не азначае спыніць кампанію. Мы будзем і далей рабіць тое, што рабілі – казаць праўду. Яны думаюць, што калі з офісу вывезлі ўсё, то адарвалі нам галаву. Але ў праўды галоў столькі, колькі ў людзей. Праўда не знаходзіцца ў офісе".
Ён не выключае, што міліцыянты маглі самі нешта падкінуць у офіс, бо мелі такую магчымасць.
Уладзімір Някляеў: "Ператрус праводзіўся брутальна. Усіх сагналі да выхаду. Грубае парушэнне працэдуры – спачатку самі міліцыянты прайшліся па офісе, а тады ўжо паклікалі панятых. Ну дык тое, што яны знойдуць, магло прыйсці і з імі, я не выключаю гэтага".
Пра парушэнні кажа і Сяргей Вазняк.
Сяргей Вазняк: "Я ім паабяцаў, што буду піць кроў Ленінскага РАУС як змагу... Два парушэнні: што мяне больш за тры гадзін трымалі без прад'яўлення матывацыі затрымання. Па-другое, не прадставілі адразу па маім патрабаванні адваката. Бо ў законе прапісана: калі вам сказалі, што вы затрыманы, то адразу маеце права на абарону".
Тым часам міліцыя дала афіцыйнае тлумачэнне пачатай крымінальнай справы. На сайце МУС з’вілася паведамленне, у якім гаворыцца, што справу пачалі ў сувязі з незаконным выкарыстаннем гандлёвай назвы, а таксама рэквізітаў адной з фірм на друкаванай прадукцыі ТАА "Дыксэнд". Падчас праверкі высветлілася, што прадукцыя выраблялася на замову кіраўніцтва руху "Наперад" і грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!". Далей МУС падае даволі блытаную інфармацыю, у якой гаворыцца пра зброю, але застаецца незразумела, дзе ж яе знайшлі:
"Акрамя фактаў парушэння заканадаўства з іх боку, якія насілі масавы і сістэматычны характар, былі выяўлены іншыя парушэнні, што тычацца фінансавай дысцыпліны прадпрыемства. Вынікам правядзення неадкладных следчых дзеянняў стала канфіскацыя з незаконнага звароту 2 адзінак агнястрэльнай зброі, 39 патронаў рознага калібру, 6 адзінак халоднай зброі, а таксама наркатычнага рэчыва расліннага паходжання".