Ваенкамат: Беларусы хаваюцца ад арміі ў асноўным у Злучаных Штатах

“Усё роўна, пані Мюлерава, я паеду на вайну ў калысцы. Ведаеце кандытара за вуглом? У яго ёсць такая калыска. Некалькі гадоў таму ён вазіў у ёй падыхаць свежым паветрам свайго кульгавага хрыча-дзядулю. Вы, пані Мюлерава, адвязеце мяне ў гэтай калясцы на ваенную службу”, — натхнёна заклікаў адважны ваяка Швейк сваю суседку дапамагчы яму трапіць у войска. І трапіў.

121109_pilecki_voenkomat.mp3

Беларускія хлопцы далёка не заўсёды гэткія ж адважныя.

“Яны ў працяглым вышуку. З’язджаюць за мяжу, недзе вучацца. У асноўным — у Злучаныя Штаты. Ім даем абмежаванне на выезд. Яны ўжо калі прыедуць дадому, то назад не выедуць”, — расказваюць Еўрарадыё ў ваенкамаце Ляхавічаў.

Калі пытаюся пра магчымасць выехаць праз мяжу з Расіяй, і ўжо з Масквы вяртацца ў ЗША, упэўненасць у голасе суразмоўцы знікае. Яно вядома — праз усходнюю мяжу нават палітзняволеныя ўцякаюць, не тое што ўхілісты ад службы ў войску.

Пра ўцёкі ў ЗША чую і ў ваенкамаце Пружанаў. Там сёлета шэсць такіх “турыстаў”.

“Адзін цікавы спосаб. Едуць за мяжу і да нас не прыходзяць. Даводзіцца іх шукаць разам з РУУС. Таксама спрабуюць зацягнуць медабследаванне”.

Зацягванне медкамісіі адбываецца наступным чынам. Атрымаўшы павестку, прызыўнік прыходзіць у ваенкамат, дзе спасылаецца на “незразумелы боль у грудзях”, альбо “шчымленне ў сэрцы”, і накіроўваецца на медкамісію у раённую паліклініку. Далей справа няхітрая — “забывацца” забраць аналізы і наведаць доктара. І гэтак — пакуль прызыў не скончыцца. Праз паўгода працэдура паўтараецца.

У ваенкаматах гавораць, што колькасць жадаючых “адкасіць” — невялікая, і практычна не мяняецца.

“Цяжка сказаць. Ад прызыву да прызыву. Сёлета, вось, менш. У мінулым годзе было больш такіх”.

З шасці ваенкаматаў пра адсутнасць ухілістаў мне расказваюць у двух. У іншых праблема з уцёкамі ў ЗША і іншыя заходнія краіны. Штраф за ўхіленне — ад 300 тысяч рублёў. Асабліва зацятых могуць і за краты пасадзіць.

Еўрарадыё таксама даведалася, што неахвотна бяруць “у боты” маладых спецыялістаў, патрэбных на прадпрыемствах і нават у школах — іх ад арміі ратуе сам… кіраўнік краіны! Яшчэ ў 2001 годзе Лукашэнка выдаў указ, які вызваляе ад службы ў арміі тых, хто паедзе працаваць у Чарнобыльскую зону. Паводле іншых указаў, не пойдуць служыць таксама артысты прэзідэнцкага аркестра, пракурорскія работнікі шэрагу раёнаў і нават адзін “інжынер па працаёмкіх працэсах”, які працаваў у Касцюковіцкім раёне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі