“Валенсія” вабіць больш, чым Іспанія, БАТЭ ― больш, чым Беларусь

“Вы самі ведаеце, што ўзровень жыцця ў Беларусі не такі, каб квіток на футбольны матч каштаваў каля 50 долараў!” ― так пра кошт праходу на гульні зборнай Беларусі разважае малады заўзятар, які толькі што набыў у касах стадыёна “Дынама” шэсць квіткоў на матч БАТЭ ― “Валенсія”. Тры ― сабе і сваім сябрам, тры… — выкладчыку з яго сябрамі!

Заўзятар: “Мы ў класе распавядалі пра матч БАТЭ ― “Баварыя”. Выкладчык нас пачуў, але не выгнаў, а папрасіў, каб мы зайшлі на стадыён і ўзялі для яго квіткі, бо ў яго часу не стае. Атрымліваецца, будзем сядзець побач!”

Тым часам на матч Беларусь ― Іспанія прададзена... 1690 квіткоў! Дакладней, пар квіткоў: білеты на матчы зборнай прадаюцца толькі пакетамі! Заўзятары ля кас стадыёна “Дынама” кажуць, што пайшлі б “на Іспанію” тысяч за дзвесце. І, адно за адным, набываюць квіткі на БАТЭ ― “Валенсія”.

“Набылі 1690 пакетаў. Я акцэнтую: пакетаў, менавіта на дзве гульні [Беларусь ― Іспанія і Беларусь ― Грузія. ― Еўрарадыё]. З нашага досведу, большая частка заўзятараў прыходзіць па квіткі ў апошнія дні, дні за тры пачынаецца самы продаж. А можа, людзі чакаюць, калі пачнуць асобна прадаваць квіткі на Іспанію і на Грузію. Натуральна, пра гэта пытаюцца”, ― распавядае Еўрарадыё Анжаліка, супрацоўніца кампаніі “АБФФ-Путешествие”, якая прадае квіткі на матчы зборнай Беларусі.

1690 гледачоў на стадыёне, дзе лёгка ўсаджваецца 30 тысяч чалавек ― гэта катастрофа. Да гульні з Іспаніяй застаўся тыдзень. Няўжо чэмпіёны свету і Еўропы будуць гуляць з беларусамі на пустым стадыёне?

Заўзятар: “Вельмі нязручна парай набываць на зборную. І дорага. Калі была Беларусь ― Англія, квіткі каштавалі 50 тысяч. Няхай бы кошт у тры, у чатыры разы вырас. Але не ў шэсць, не ў сем разоў. Вельмі дорага”.

Па словах супрацоўнікаў “АБФФ-Путешествие”, наладзіць продаж квіткоў асобна на матчы Беларусь ― Іспанія і Беларусь ― Грузія ― не праблема. Але пакуль што няма адпаведнага рашэння Беларускай федэрацыі футбола.

Андрэй, супрацоўнік “АБФФ-Путешествие”: “Калі будзе прынятае рашэнне пра продаж квіткоў асобна на кожны матч ― мы гатовыя пачаць такі продаж цягам 10 хвілін”.

5 кастрычніка ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што падчас перамоваў фанаты з аб’яднання “Б-12” і прадстаўнікі федэрацыі футбола дамовіліся, што квіткі ўсё ж будуць прадавацца асобна. Калі такое рашэнне будзе прынятае, кошт самага дарагога на Беларусь ― Іспанія складзе 360 тысяч рублёў, на Беларусь ― Грузія ― 120 тысяч. Пакуль жа пакет з двух квіткоў каштуе ад 280 да 480 тысяч рублёў.

“Цяпер лепш хадзіць на БАТЭ, чым на зборную. БАТЭ гуляе, ёсць на што спадзявацца, ёсць на што паглядзець. А зборная… Ёй проста дасталіся гэтыя сапернікі”, ― разважае яшчэ адзін заўзятар.

Калі і ён сыходзіць, побач з касамі стадыёна “Дынама” не застаецца ўвогуле нікога. Падыходжу да вакенца букмекерскай канторы, якая месціцца ў будынку кас. Некалькі чалавек уважліва сочаць за вынікамі спаборніцтваў на маніторы. Адзін з іх кажа, што ні на наступную гульню БАТЭ, ні на наступную гульню зборнай стаўкі пакуль не прымаюцца:

“Стаўкі пачнуцца прыкладна за тры дні да гульняў. Але на перамогу БАТЭ каэфіцыент будзе ― максімум 3 ці 3,5. Пасля гульні з “Баварыяй” ніхто з букмекераў больш не дасць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі