Варламаў: Цярпенне для мяне цяпер галоўнае

Беларускі мадэльер Саша Варламаў з 20 траўня знаходзіцца пад вартай. Яго родная сястра Рыма Шымчонак атрымала першы ліст ад брата. Тыдзень таму Рыме удалося перадаць пасылку для Сашы.


Рыма Шымчонак:” Я перадала яму пасылку. Справа ў тым, што за месяц можна толькі тры перадачы. І каб яны важылі не больш за 30 кілаграмаў у месяц”.


Еўрарадыё: Ці ўзялі ў вас гэтую пасылку, ці перадалі яе?


Шымчонак: “Усё ўзялі, акрамя мёду, бо ён быў у пластмасавым вядзерцы, а можна толькі ў цэлафанавым пакеце. Яшчэ ён ліст даслаў”.


Еўрарадыё: І што ён піша?


Шымчонак: “Піша,што разумнейшым трэба было быць яму, не атрымалася б такога. Жыве цяпер насупраць радзільні. Ён нарадзіўся на Валадарскага ў радзільні. З ліста бачна, што ён аптымістычна настроены. Прайшло ўжо нервовае напружанне. Сумна там. Кнігі не вельмі дазваляюць перадаваць. Я яму напісала, калі ён пажадае кнігу, я паспрабую яму перадаць. Але не ведаю, ці атрымаецца. Спякотна вельмі, колькі іх там чалавек не ведаю”.


Еўрарадыё: Вы казалі, што ён піша, маўляў, трэба быць разумнейшым. Што ён меў на ўвазе?


Шымчонак: “Ён лічыў, што …. Зараз дастану ліст і працытую. “Па-дурному ўсё атрымалася. Лічыў, што мастацтва для іншых такое ж важнае, як і для мяне. Высветлілася, што не”. Піша: “Цяпер жыву насупраць радзільні, дзе з’явіўся на свет. Чытаць няма чаго. Вось што дрэнна, але кнігі не перадаюць. Час цягнецца, навінаў у камеры няшмат. Спякотна, ночы доўгія””.


Еўрарадыё: Ці вялікі ліст удалося яму перадаць?


Шымчонак: Не, ён на лістку, як са сшытку. Двайны лісток, напісана з аднаго боку і з другога, а іншы бок пусты. Ён напісаў мне першага чэрвеня. А ліст мы атрымалі трэцяга”.


Еўрарадыё: Гэта пакуль што першы ліст?


Шымчонак: “Так гэта першы ліст. Я яму таксама даслала ліст. Спадзяюся ён сёння яго атрымае”.


Еўрарадыё: Ці пісаў ён, як ён сабе адчувае?


Шымчонак:Ён піша, што цярпенне для яго цяпер – галоўнае. Прыходзяць думкі, што мог бы быць разумнейшым, але нічога ўжо ня зменіш. Я ведаю з якімі ён людзьмі працаваў і як ён да іх ставіўся. Ён быў вельмі даверлівы і для яго праца была ўсім”.


Еўрарадыё: Ці не скардзіцца ён ў лісце на нейкія праблемы?


Шымчонак: “Можа быць, у яго нейкія праблемы і ёсць. Але ён такі чалавек, што скардзіцца ніколі не будзе. Нават калі яму будзе вельмі дрэнна, будзе казаць, што ўсё у яго нармальна”.


Еўрарадыё: Ці спрабавалі вы дамагчыся сустрэчы з ім?


Шымчонак: “Мне сёння дапамогуць скласці ліст. Я даведалася, што яму дазваляюцца спатканні. І праз следчага я буду дамагацца спаткання".


Нагадаем, Сашу Варламава вінавацяць у прысваенні 700 мільёнаў рублёў, якія ішлі на камандзіровачныя дэлегатам фестывалю “Млын моды”. 20 траўня ён быў арыштаваны і змешчаны пад варту.

Фота: udf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі