Венесуэльская апазіцыя: Чавес падараваў Лукашэнку 2768383000 долараў
У Эквадоры Лукашэнка супернічаў за цытаванасць з Вікіліксам. Мясцовая прэса пра турнэ (+ мясцовыя фота)
Еўрарадыё высвятляла, што пра лацінаамерыканскае турнэ Лукашэнкі пісала мясцовая кубінская, венесуэльская і эквадорская прэса.
Нататкі кубінскай афіцыйнай прэсы сухія і без дэталяў: называюць тавараабарот — усяго 50 млн долараў, пералічваюць сферы супрацоўніцтва. Рыторыка на сустрэчы традыцыйна антыамерыканская.
“Кубінскі прэзідэнт Рауль Кастра Руз заявіў, што антыдзяржаўныя перавароты ў Лацінскай Амерыцы і Карыбскім рэгіёне вярнуліся, але не задаліся, маючы на ўвазе нядаўнюю спробу зрынуць прэзідэнта Парагвая”, — піша Куба Дэбатэ.
Апазіцыйныя кубінскія сайты разнеслі словы апазіцыянера Пая Сардінаса, наконт таго, што прэзідэнт Беларусі не мусіў прыязджаць на Кубу ўвогуле і павінен спыніць рэпрэсіі ў сваёй краіне.
Куды большую ўвагу як дзяржаўных так і незалежных медыя прывабіў прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў Венесуэлу. Візіт прыйшоўся на перадвыбарную пару і стаў аб'ектам гарачай крытыкі з боку кандыдата ад апазіцыі Капрылеса.
"З 2005 года ўрад Уга Чавеса падараваў Беларусі агулам US$ 2.768.383. За гэтыя грошы ў нашай краіне можна было б пабудаваць 500 пачатковых школ ці 118 тыс. хат", — навінны партал NoticiasClic прыводзіць вытрымкі з Твітара кандыдата ў прэзідэнты.
Некаторыя з твітаў кандыдата ў прэзідэнты Венесуэлы. Штаб падлічыў "падарунак" Венесуэлы Беларусі да адной тысячы долараў
Венесуэла не мусіць сябраваць з рэпрэсіўнымі краінамі толькі з-за ідэалагічнай блізасці Чавеса з іх кіраўнікамі, лічыць перадвыбарны штаб Капрылеса. Афіцыйная венесуэльская прэса на гэтыя закіды не зважае і падкрэслівае дасягненні ад сяброўства з беларусамі. Перш за ўсё — запуск завода грузавых аўтамабіляў у штаце Барынас.
Іншая тэма для плётак – выкарыстанне Лукашэнкам самалёта Чавеса для палёта ў наступную лацінаамерыканскую краіну – Эквадор.
"Хаця Аляксандр Лукашэнка прыбыў у краіну на сваім гіганцкім прэзідэнцкім самалёце, шчодрасць, з якой Уго Чавес кіруе народным багаццем на карысць замежнікаў, абярнулася выкарыстаннем яго афіцыйнага Boeing 737 для візіта ў Кіта, гэта жэст зычлівасці ад бяднейшых людзей Венесуэлы", — іранізуе папулярны лацінаамерыканскі сайт La patilla.
Гэты самы сайт размесціў падборку фотаздымкаў сына Лукашэнкі Мікалая на сустрэчы з Чавесам і прыйшоў да высновы, што за пінжаком ён мае цацачны наган.
Мікалай Лукашэнка і Уга Чавес. Адзін з фотаздымкаў з падборкі La Patilla
Аэрапорт сталіцы Эквадора. На заднім плане - самалёт Чавеса. Фота: Paul Romero, La Patilla.
Эквадорская прэса на візіт Лукашэнкі зрэагавала больш стрымана. Вось — як у савецкім стылі апісвае сустрэчу Лукашэнкі з прэзідэнтам Эквадора афіцыйная газета El ciudadano:
"Лукашэнка вітае старшыню Эквадора, паціскаючы руку, і з'яўляецца на прэзідэнцкім балконе для вітання эквадорцаў. Дзеці, падлеткі, дарослыя, мужчыны і жанчыны знаходзяцца на Плошчы Незалежнасці. Воклічы падтрымкі і сцягі Эквадора і Беларусі лунаюць уперамежку".
На балконе эквадорскага прэзідэнцкага палаца
Папулярны эквадорскі сайт Hoy.com з загалоўкам "Беларусь абяцае перадаць ваенныя тэхналогіі Эквадору" піша, што галоўная сфера інтарэсаў – менавіта абаронная.
Большая ўвага эквадорскай прэсы цяпер прыкутая да таго факта, што заснавальнік Вікілікс Джуліан Асанж папрасіў у Эквадоры прытулку. Ён хаваецца ў эквадорскай амбасадзе ў Лондане, баючыся сваёй выдачы Швецыі.
На галоўным фотаздымку: Рауль Кастра і Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Рэвалюцыі. Фота:
Alejandro Ernesto/Pool / EFE