Венгерскія банкі праінвестуюць рэканструкцыю мінскага “Дынама” (фота)

121001_valo6yn_stadion.mp3

Беларуская федэрацыя футбола афіцыйна паведаміла пра рэканструкцыю галоўнага стадыёна краіны. Працы распачнуцца з першага снежня.

Праўда, усіх грошай, каб пакрыць фінансавыя выдаткі на праект (каля 150 мільёнаў еўра), у беларусаў няма. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў венгерскай фірме Groboplan, якая будзе праводзіць рэканструкцыю “Дынама”.

Прадстаўніца фірмы Groboplan: “Горад (Мінгарвыканкам. — Еўрарадыё) мае толькі частку грошай для фінансавання будаўнічых прац. З гэтай прычыны мы ўцягваем венгерскія банкі, якія праінвестуюць праект. Мы ўжо распачалі папярэднія працы, таму што ў чэрвені падпісалі кантракт. 2 кастрычніка наш прадстаўнік прыбывае ў Мінск, каб разабрацца з гэтымі пытаннямі. Калі падпісанне ўсіх пагадненняў скончыцца, мы пачнём планаванне і разбор старога стадыёну”.

У ваколіцах стадыёна "Дынама" ўжо бураць будынкі пад новыя гатэлі. На фота ляжаць руіны былога цэнтру спартовай медыцыны

Абноўлены “Дынама” зможа змясціць каля 40 тысяч гледачоў. Папярэдне праект мусіць расцягнуцца на 24 месяцы. Узнікае пытанне: дзе будзе гуляць БАТЭ і нацыянальная зборная?

Барысаўскі клуб сёлета можа прабіцца ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў ці Лігі Еўропы. А арэны для правядзення матчаў няма. Бо вядома, што барысаўскі гарадскі стадыён не падыходзіў для гульняў такога статусу — яны заўсёды пераносіліся на “Дынама”. Свой жа новы стадыён БАТЭ дабудуе не раней чым летам 2013 года. 

Таксама незразумела, дзе будзе гуляць нацыянальная зборная Беларусі.

“Раней яна ўжо гуляла ў Гродне, Гомелі. Ніхто не перашкаджае нам тамсама праводзіць матчы”, — лічыць прэс-сакратар Беларускай федэрацыі футбола Аляксандр Томін.

Звяртаемся да дырэктара стадыёна “Дынама” Юрыя Крывадубскага. У першую чаргу нас цікавяць будучыя матчы БАТЭ, бо патрабаванні да гульняў Лігі чэмпіёнаў звычайна вышэйшыя, чым да кваліфікацыі першынстваў свету і Еўропы. 

Юрый Крывадубскі: Калі БАТЭ выйдзе ў плэй-оф, то будзе гуляць на адным з беларускіх стадыёнаў. Апроч “Дынама”, у нас ёсць і іншыя арэны трэцяй катэгорыі. Гэта, напрыклад, Гродна, Гомель…

Еўрарадыё: Калі стадыён “Дынама” сёння адносіцца да трэцяй катэгорыі, чаму тут дазвалялі праводзіць матчы?

Юрый Крывадубскі: "УЕФА робіць выключэнні. Па вялікім рахунку, калі строга прытрымлівацца рэгламенту, то ў Беларусі ніводзін стадыён пакуль не адпавядае ўзроўню групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Але з-за таго, што іншых стадыёнаў у нас пакуль няма, УЕФА ідзе насустрач. Тут важна, натуральна, і наяўнасць міжнароднага аэрапорту, і наяўнасць гатэляў адпаведнага класу. Мінск праходзіць па гатэлях і аэрапорце, а “Дынама” дапускаецца, бо лепшай арэны пакуль няма".

Еўрарадыё: Мы нідзе не можам знайсці фота новага праекту стадыёна “Дынама”…

Юрый Крывадубскі: "Цяпер ідзе стадыя абмеркаванняў. Цалкам гатовага архітэктурнага рашэння пакуль няма. Пытанне прапрацоўваецца і венгерскім бокам, і нашым".

Еўрарадыё: Ці моцна зменіцца стадыён “Дынама” пасля рэканструкцыі? Што будзе, напрыклад, з бегавымі дарожкамі вакол поля?

Юрый Крывадубскі: "Стадыёны падзяляюцца на два класы: алімпійскія (з бегавымі дарожкамі) і футбольныя (трыбуны падступаюць да поля). Другі варыянт больш зручны для прагляду футбольных матчаў. Мяркуецца, што на выхадзе будзе Нацыянальны футбольны стадыён".

Еўрарадыё: Ці будзе “Дынама” накрыта дахам?

Юрый Крывадубскі: "Гэта патрабаванне УЕФА. Ёсць стадыёны, дзе дах цалкам перакрывае ўсе глядацкія месцы. У нашым выпадку прыкладна 80% месцаў на трыбунах будуць пад навесам".

Пакуль "Дынама" не пакрыты дахам. Супрацоўнікі прыбіраюць трыбуны перад гульнёй БАТЭ-Баварыя

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі