Вольга Бандарэнка: Змітра сабралі за 10 хвілін і вывезлі
Жонка палітвязня Змітра Бандарэнкі Вольга расказала Еўрарадыё, што муж напісаў ёй у лістах з турмы.
Еўрарадыё: Змітра перавялі ў калонію. Ці атрымалася ў вас даведацца, калі дакладна гэта адбылося?
Вольга Бандарэнка: Сёння зранку ад яго прыйшлі два лісты. Там ён напісаў, што ў 10 раніцы 31-га чысла яго вельмі хутка за 10 хвілін сабралі і вывезлі. Было зроблена хутка і раптоўна.
Еўрарадыё: Ці піша Зміцер, як сябе адчувае пасля этапавання, бо гэта дастаткова цяжкая працэдура?
Вольга Бандарэнка: Ён напісаў, што яму зрабілі абязбольваючы укол перад гэтым. Ён ехаў на баку. І хоць быў укол, яго растрэсла, і спіну цягне пасля гэтага. Гэты першы ліст ў той жа дзень ён напісаў з калоніі. Ён думаў, што будзе горш. Было кепска, але не так, як ён сябе настройваў.
Еўрарадыё: Ці збіраецеся вы ў бліжэйшы час прасіць сустрэчу з мужам?
Вольга Бандарэнка: Ён знаходзіцца ў каранціне санчасці, і сустрэчу мне наўрад ці дадуць. Першае, што я хачу, каб адвакат паехаў, бо адвакату павінны дазволіць сустрэчу.
Еўрарадыё: Апошні раз, калі вы размаўлялі з лекарамі перад адпраўленнем Змітра ў калонію, што яны казалі?
Вольга Бандарэнка: Яны сказалі, што там ёсць усё тое ж лячэнне, што і ў турэмнай бальніцы, таму яму няма сэнсу ў турэмнай бальніцы знаходзіцца.
Еўрарадыё: Ці ведаеце вы, як доўга ён будзе знаходзіцца на каранціне ў санітарнай часці?
Вольга Бандарэнка: Не, гэтага ніхто не ведае. Адзінае, што я ведаю, што, на жаль, у яго пачала балець кіла — ў яго некалькі кілаў — у шыйна-грудным аддзеле, ужо праз 10 дзён пасля перавозкі стала горш і цяпер баліць правая рука. Яго аглядаў неўролаг, сказаў: “Ну што вы хочаце, у вас кілы ва ўсіх аддзелах. Што цяпер зрабіць?”. Вось так... Не вельмі ўсё добра.