Ворсін: Права на чэмпіянат свету па фігурным катанні атрымалі гады 3 таму
У Мінспорта кажуць, што міжнародны саюз канькабежцаў згодны праводзіць чэмпіянат толькі ў “Мінск-Арэне”. Мінск застанецца без хакейнага плэй-оф.
З 27 лютага па 4 сакавіка ў “Мінск-Арэне” адбудзецца юніёрскі чэмпіянат свету па фігурным катанні. Прыкладна ў гэты ж час пачынаецца плэй-оф КХЛ. А дзе будзе гуляць мінскае “Дынама” ў выпадку выхаду ў плэй-оф – невядома.
“Права на правядзенне чэмпіянату было атрыманае гады 3 таму. Там не былі агавораныя ні тэрміны, ні месца правядзення – гэта пасля ўзгаднялася з міжнароднай федэрацыяй”, – распавядае Еўрарадыё старшыня Беларускай
федэрацыі хакея Яўген Ворсін.
Па яго словах, Федэрацыя хакея, Мінспорта і само “Дынама” прыкладаюць намаганні, каб неяк развесці па датах чэмпіянат па фігурным катанні і хакейныя матчы.
Ворсін згаджаецца, што столькі гледачоў, колькі збіраецца на матчах “Дынама”, на фігурнае катанне не прыйдзе. Але гаворкі пра самаакупляльнасць і так стратнай “Мінск-Арэны” ў дадзеным выпадку ніхто не вядзе.
Яўген Ворсін: “Тут пытанне камерцыі, з аднаго боку, але ёсць яшчэ і пытанне прэстыжу, з іншага боку. Калі краіна дабіваецца права правядзення якога-небудзь чэмпіянату свету, яна выкарыстоўвае ўсё лепшае, што мае. І гэта таксама, важна – захаваць твар перад міжнароднай супольнасцю”.
Фанаты “Дынама” збіраюцца папрасіць міністра спорту, перанесці чэмпіянат свету па фігурным катанні ў іншае месца. Але ў Міністэрстве спорту і турызму кажуць, што гэта немагчыма. Тым больш, што ад такога пераносу могуць пацярпець і іншыя віды спорту.
Міністэрства спорту: “Выдаткаваныя сродкі, ISU [Міжнародны саюз канькабежцаў – Заўв. Еўрарадыё] ужо перавяла шмат сродкаў, зроблена вялікая праца па гэтым пытанні. І калі ў будучым захочам праводзіць нейкія міжнародныя спаборніцтвы па каньках ці шортрэку, то Міжнародны саюз можа сказаць: “Вы там з хакеем нешта, зноў могуць быць праблемы”.
У Мінспорта кажуць, што міжнародны саюз канькабежцаў згодны праводзіць чэмпіянат толькі ў “Мінск-Арэне”. Ці ў іншай краіне, якая, безумоўна такой магчымасці ўзрадуецца.
А ў Беларускім саюзе канькабежцаў лічаць, што хакейныя балельшчыкі могуць і пачакаць.
Беларускі саюз канькабежцаў: “Балельшчыкам можна будзе раз пацясніцца. Гэта чэмпіянат свету, прыедзе 70 краін, у хакейным матчы паміж сабой граюць беларуская і расійская каманды”.
Тым часам “дынамаўскія” фаны ўжо сабралі амаль 1300 подпісаў пад сваім зваротам да міністра спорту. І яшчэ больш збіраюцца сабраць цягам бліжэйшых матчаў.
Фота: dic.academic.ru